19 траўня 2024, Нядзеля, 17:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паўночная Карэя паміж буйваламі і «мэрсэдэсамі»

17
Паўночная Карэя паміж буйваламі і «мэрсэдэсамі»

Паўночнакарэйская наменклатура купаецца ў раскошы, а сяляне жывуць нібы ў Сярэднія вякі.

Пра гэта піша спецыяльны карэспандэнт ABC у Пхеньяне Пабла М. Дыес.

Аўтар пералічвае асартымент «самых элітных супермаркетаў Пхеньяна»: аўстралійская цяляціна, віно з Бардо, «пепсі-кола» ў банках, туфлі на шпільцы, каньяк Hennessy. Кошт на каньяк эквівалентны «250 еўра па неафіцыйным курсе», як выказваецца аўтар. Між тым зарплата дзяржслужачага - 3 тыс. вон у месяц: 20 еўра па афіцыйным курсе абмену, 37 еўрацэнтаў - па вулічнаму. Імпарт увозяць праз кітайскую мяжу, падсмейваючыся з санкцый ААН.

Варта было рэжыму Кім Чэн Ына ледзь-ледзь лібералізаваць эканоміку, як грошы праклалі сабе дарогу, працягвае аўтар. Тут і валютныя пераводы ад карэйцаў, якія эмігравалі ў Японію, і «хабары чыноўнікам і армейскім афіцэрам, кантралюючым бізнес» (фармулёўка аўтара). Жанчынам-экскурсаводам дазволілі браць чаявыя і нават «шпацыраваць з кантрафактнымі сумачкамі Prada пад пахай, што зусім нядаўна было б немагчыма», адзначае выданне.

На праспектах Пхеньяна, калісьці пустых, усё больш аўтамабіляў, прычым трапляюцца Audi, BMW і Mercedes (ім, па словах аўтара, аддаюць перавагу вядомыя партыйцы).

Але, калі выехаць са сталіцы, пабачыш, як сяляне аруць на буйвалах і апрацоўваюць зямлю прымітыўнымі прыладамі. 59-гадовая сялянка апісала гадавы паёк: 400 кг рысу на чалавека, яшчэ 300 бульбы, таматаў і іншай агародніны. «Мяса выдаюць толькі па асаблівых выпадках - напрыклад, у дні нараджэння правадыроў», - дадала яна, але запэўніла, што цяпер жывецца нашмат лепш, чым падчас «Цяжкага маршу» (прапагандысцкая назва вялікага голаду 1990-х гадоў, калі памерла, па розных ацэнках, ад 300 тыс. да 2 млн чалавек).

«Зроблены нясмелы крок да капіталізму: зараз сялянам дазволена апрацоўваць двары ў сваіх дамах і гандляваць гароднінай на мясцовых рынках. На выручку яны купляюць іншыя тавары і перапрадаюць ў сваіх вёсках», - піша аўтар. Так краіна прасоўваецца да сваёй імглістай будучыні.

Пераклад: Inopressa.ru

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках