1 траўня 2024, Серада, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кнігу «Справа Бяляцкага» прэзентуюць у Маскве

1
Кнігу «Справа Бяляцкага» прэзентуюць у Маскве

У гадавіну арышту беларускага праваабаронцы ў расейскай сталіцы пройдзе прэзентацыя кнігі пра яго.

Яна адбудзецца 4 жніўня на дызайн-заводзе «Флакон», паведамляе «Радыё Свабода». Таксама там пройдзе публічная дыскусія «Ці стане Расея Беларуссю?» і адкрыццё фотавыставы «Салідарнасць мацней за рэпрэсіі».

Удзел у сустрэчы прымуць эксперты і грамадскія актывісты: член Савета па правах чалавека пры прэзідэнце Расеі, кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі па правах чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра комплексных еўрапейскіх і міжнародных даследаванняў НДУ «Вышэйшая школа эканомікі» Андрэй Суздальцаў, кіраўнік незалежнага даследчага цэнтра «Фрыдам Файлс» Вольга Захарава, журналіст беларускай службы «Радыё Свабода», аўтар дакументальнай кнігі «Справа Бяляцкага» Валерый Каліноўскі, прэзідэнт Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека Юрый Джыбладзэ.

У рамках круглага стала адбудзецца маскоўская прэзентацыя кнігі пра Алеся Бяляцкага.

Акцыі ў падтрымку беларускага праваабаронцы ў гадавіну яго арышту пройдуць і ў іншых гарадах Расеі, ЗША, Велікабрытаніі, Швецыі, Германіі, Літвы, Украіны, Казахстана і Кыргызстана.

Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска па прысуду суда. 24 лістапада 2011 года суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

За апошні год Алеся Бяляцкага, які застаецца ў турме, шматкроць узнагароджвалі за барацьбу за справядлівасць і правы чалавека. Беларускі палітвязень атрымаў прэмію Петры Кэлі (Petra Kelly) і прэмію Леха Валенсы (Lech Wałęsa). Кіраўнік ПЦ «Вясна» ўвайшоў таксама ў лік лаўрэатаў прэміі партала charter97.org за выдатныя дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках