2 траўня 2024, Чацвер, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтамабільных «зайцоў» паставяць на лічыльнік

49
Аўтамабільных «зайцоў» паставяць на лічыльнік

Транспартная інспекцыя раіць не выязджаць на платныя дарогі без спецыяльных бартавых прыладаў - сабе даражэй.

Зразумела, гэта тычыцца не ўсіх, а толькі тых, хто павінен плаціць за зручнасць і хуткасць па новай электроннай сістэме BelTol, паведамляе interfax.by.

Замест наяўных грошай - бартавая прылада

Электронная сістэма збору платы за праезд - BelToll, цяпер дзейнічае на ўсім працягу «алімпійскай» трасы, а таксама на ўчастках шашы M-2 «Менск - Нацыянальны аэрапорт «Менск», M-3 «Менск - Віцебск, M-4 «Менск - Магілёў», M-5/Е271 «Менск - Гомель і M-6/Е28 «Менск - Гародня - мяжа Польшчы (Брузгі)», была запушчаная ў камерцыйную эксплуатацыю 1 жніўня 2013 года. Замест прыпынку ў пунктах збору аплаты кіроўцы зараз змогуць «разлічвацца» з выкарыстаннем тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях.

Сутнасць новаўвядзення ў наступным. На лабавым шкле аўтамабіля усталёўваецца бартавая прылада. А над палатном дарог, якія ўваходзяць у сістэму BelToll, размяшчаюцца металічныя парталы збору платы, абсталяваныя прыёмаперадатчыкам, якія забяспечваюць абмен інфармацыяй. Прамая сувязь паміж бартавой прыладай і парталам забяспечвае цалкам аўтаматычны разлік сумы аплаты за праезд на вызначаным участку платнай дарогі, калі транспартны сродак праходзіць пад парталам збору платы.

Кіроўцы аўтамабіляў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 тоны, зарэгістраваных у краінах Мытнага саюза, вызваленыя ад платы за праезд. А вось за праезд машын з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны або з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 тоны, зарэгістраваных за межамі Мытнага саюза, плаціць прыйдзецца.

«Не хапае грошай» - не адгаворка

Ранейшая сістэма, якая прадугледжвала ручны збор платы за праезд, уключала ў сябе чатыры пункты па збіранні дарожных збораў на аўтамабільнай дарозе М-1/Е30 - у раёнах населеных пунктаў Федзькавічы, Коласава, Крупкі і Рэдзькі. У выпадку з BelToll на ўчастках шашы агульнай працягласцю 815 км устаноўлена 56 станцый аплаты і станцый кантролю. Чаму так шмат? Бо таму, што плаціць цяпер трэба не за праезд «з пункта А ў пункт Б», а ў залежнасці ад адлегласці.

- Падыход да парушальнікаў - і беларускіх, і замежных - аднолькавы, - кажа начальнік Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый РБ Леанід Лемеш. - У выпадку выяўлення парушэння парадку карыстання платнымі аўтадарогамі ўносіцца плата ў павялічаным памеры. Яна спаганяецца з уласніка/ўладальніка транспартнага сродку.

Эксперт зазначае, што існуе два тыпы парушэнняў.

Адсутнасць аплаты:

- Адсутнасць на транспартным сродку, на якое распаўсюджваюцца абавязацельствы па аплаце за праезд, бартавой прылады;

- Адсутнасць фіксацыі ўнясення платы за праезд на бартавой прыладзе;

- Выкарыстанне непрацуючай бартавой прылады;

- Выкарыстанне бартавой прылады, якая не дазваляе ўнесці аплату за праезд ва ўстаноўленым парадку;

- Выкарыстанне бартавой прылады ў парушэнне парадку тэхналагічнай эксплуатацыі;

- Неправамернае выкарыстанне бартавой прылады, прызначанай для транспартных сродкаў, што вызваленыя ад платы за праезд па платных дарогах.

Няпоўная аплата:

- Выкарыстанне на транспартным сродку бартавой прылады з усталяванай меншай колькасцю восяў, чым прадпісана кіраўніцтвам карыстальніка для гэтага транспартнага сродку;

- Выкарыстанне бартавой прылады, не персаналізаванай для гэтага транспартнага сродку.

- Аплата ў павышаным памеры - ад 50 да 100 еўра для легкавых аўтамабіляў і ад 130 да 260 еўра для грузавікоў, - адзначае Леанід Лемеш.

Кіраўнік Транспартнай інспекцыі таксама паведаміў, што адсутнасць платы «фарміруецца ў сістэме BelToll на працягу двух гадзін»:

- Калі на працягу двух гадзін былі зафіксаваныя дзве няпоўных аплаты або дзве няўплаты, то па заканчэнні дзвюх гадзін гэтая інфармацыя будзе аб'яднаная ў адзін блок як няўплата. Да прыкладу, калі грузавік едзе з Берасця ў бок Расейскай Федэрацыі па трасе М-1/Е30 без належнай аплаты, то на мяжы з РФ ён будзе мець ужо чатыры парушэнні, і яго ўласнік будзе вымушаны развітацца з 1040 еўра.

Што да кантролю аплаты, то прадугледжаныя два варыянты.

Варыянт № 1. З 1 жніўня на дарогах Беларусі ў кругласутачным рэжыме працуюць 16 спецыяльна абсталяваных аўтамабіляў. Яны здольныя выяўляць парушэнні і прадпрымаць, у адпаведнасці з сітуацыяй, меры прымусу - аж да прыпынку і блакавання колаў транспартных сродкаў.

Варыянт № 2. Супрацоўнікі Транспартнай інспекцыі кантралююць уезд і выезд аўтамабіляў на 15 памежных станцыях.

Трэба адзначыць, што частка ўстаноўленых на дарогах 56 парталаў - кантрольныя. Усе парушэнні ў рэжыме рэальнага часу паступаюць у Транспартную інспекцыю, супрацоўнікі якой і прымаюць пастановы аб далейшых дзеяннях.

Як будуць спаганяць грошы?

Беларускіх парушальнікаў адпускаюць: куды яны дзенуцца? Хоць у сістэме BelToll усе грашкі захоўваюцца. Адпаведная квітанцыя накіроўваецца затым уладальніку (ўласніку) для аплаты.

- Калі на працягу 30 дзён сума не будзе ўнесеная, то яна аўтаматычна павялічваецца на 50% і спаганяецца з дапамогай судовага выканаўцы, - кажа Леанід Лемеш.

Што тычыцца замежных парушальнікаў, то іх кантралююць на дарогах і на мяжы. У абавязковым парадку яны павінны пагасіць плату ў павялічаным памеры. У адваротным выпадку далей дарогі няма. Аўтамабіль будзе альбо заблакаваны, альбо перамешчаны на ахоўную стаянку. Калі ж аўтамабіліст-парушальнік усё ж пакінуў межы Беларусі, але затым зноў сюды вярнуўся, то плату ўсё роўна прыйдзецца ўнесці. Тэрмін дзеяння грашовых санкцый складае тры гады.

Куды будзе пашырацца BelToll?

815 кіламетраў платных дарог - не мяжа для Беларусі. Сістэма BelToll будзе пашыраць тэрыторыю ахопу.

- Мы ўвялі плату толькі на аўтамабільных дарогах першай катэгорыі, - кажа начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Яўген Ракала. - Гэтыя дарогі больш камфортныя, больш хуткасныя ў параўнанні з іншымі. Гэтага прынцыпу плануецца прытрымлівацца і ў далейшым. Ёсць жа яшчэ і другі міжнародны транспартны калідор - на тэрыторыі Беларусі ён праходзіць па дарозе Вільня - Менск у бок Гомеля. Пасля завяршэння рэканструкцыі гомельскай аўтадарогі М5 і ўводу яе ў эксплуатацыю плануецца ўвесці там плату за праезд на ўсім яе працягу.

Грошы, атрыманыя за аплату праезду па дарогах, ахопленых сістэмай BelToll, пойдуць у беларускі бюджэт. Па-першае, трэба будзе пакрыць выдаткі інвестару - аўстрыйскай кампаніі Kapsch TrafficCom AG. А па-другое, у Мінтрансе спадзяюцца, што частка выручкі пойдзе на паляпшэнне стану дарожнай гаспадаркі.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках