Вярхоўны суд разгледзіць скаргу Андрэя Гайдукова
6- 15.08.2013, 9:55
- 8,602

Касацыйная скарга палітвязня будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе 27 жніўня.
Пачатак паседжання суда - а 9:30, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».
1 ліпеня 2013 Андрэй Гайдукоў быў асуджаны паводле часткі 1 артыкула 14 і артыкула 356-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (замах на ўсталяванне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы) і прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўлення волі.
Прысуд Андрэю Гайдукову вынес Віцебскі абласны суд.
Разгляд справы актывіста з Наваполацка праходзіў у закрытым рэжыме. 23-гадовага рабочага завода «Нафтан» першапачаткова абвінавачвалі паводле двух артыкулаў: часткі 1 артыкула 14 - «Замах на злачынства» і часткі 1 артыкула 356 - «Здрада дзяржаве».
Паводле афіцыйнага паведамлення прэс-службы КДБ, Андрэя Гайдукова затрымалі ў Віцебску «падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы».
Родныя і сябры не вераць у тое, што Гайдукоў мог займацца шпіянажам, яны тлумачаць ціск з боку КДБ апазіцыйнымі поглядамі хлопца і ягоным імкненнем стварыць у Наваполацку міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Суполку маладых інтэлектуалаў».