Азербайджанская апазіцыя выбрала альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты
- 24.08.2013, 8:56
- 8,096
Гісторык Джаміль Гасанлі будзе вылучаны кандыдатам у прэзідэнты Азербайджана ад апазіцыі ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі Рустама Ібрагімбекава.
Апазіцыйная Нацыянальная рада дэмакратычных сіл зацвердзіла яго кандыдатуру ў якасці альтэрнатыўнага адзінага кандыдата ў прэзідэнты краіны, паведамляе «Радыё Свабода».
Раней адзіным апазіцыйным кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы быў абраны пісьменнік, сцэнарыст і кінарэжысёр Рустам Ібрагімбекаў. Але пакуль ён не можа вярнуцца з Расеі – праз магчымасць арышту.
Са слоў сябра кіраўніцтва Нацыянальнай рады дэмакратычных сіл Мехмана Аліева, у выпадку рэгістрацыі Цэнтрвыбаркамам Ібрагімбекава, кандыдатура Гасанлі будзе знятая.
На дадзены момант Цэнтрвыбаркам Азербайджана зарэгістраваў 15 кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку дзеючага кіраўніка дзяржавы Ільхама Аліева. Праваабаронцы і заходнія краіны крытыкуюць яго рэжым за пераслед апазіцыі, абмежаванне свабоды слова, сходаў і іншыя парушэнні правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў.
Прэзідэнцкія выбары ў Азербайджане вызначаныя на 9 кастрычніка.
Фота: RFE/RL