У жыхара Віцебска канфіскавалі Nissan за гандаль «з машыны»
28- 30.08.2013, 10:10
- 31,173
Мужчына прадаваў гародніну і садавіну і тры разы трапляўся падатковым інспектарам.
За нелегальны гандаль гароднінай і садавінай у жыхара Віцебска па рашэнні Гаспадарчага суда канфіскавалі аўтамабіль. «Нісан» коштам больш за 30 мільёнаў мужчына выкарыстоўваў, кажучы юрыдычнай мовай, «як сродак здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння» - гандляваў ён гароднінай, як гэта называецца, «з машыны», піша «Комсомольская правда в Беларуси».
Як прадпрымальнік мужчына зарэгістраваны не быў, хоць дзейнасць сваю ажыццяўляў ужо некалькі гадоў. А за апошнія паўгода тры разы трапіўся падатковым інспектарам, якія рабілі ў яго кантрольныя закупкі.
- Менавіта таму рашэнне суда было такім жорсткім, - распавёў намеснік старшыні абласнога Гаспадарчага суда Сяргей Кавалёў. - Гэтага грамадзяніна ўжо двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, і двойчы здымалі арышт з аўтамабіля. Акрамя таго, нелегальна набыты тавар можа быць няякасным, калі гаворка ідзе пра прадукты харчавання, то гэта ставіць пад пагрозу здароўе спажыўца. А тым, хто легальна вядзе свой бізнес, такія незарэгістраваныя прадпрымальнікі складаюць нядобрасумленную канкурэнцыю.
Нелегальны прадпрымальнiк не вырошчваў плодаагароднінную прадукцыю сам, а дзейнічаў як перакупнік, распавялі ў Гаспадарчым судзе. У асартыменце, які ён прапаноўваў, акрамя гародніны, былі дыні і вінаград.
Мужчына аштрафаваны на пяць базавых велічынь, акрамя аўтамабіля, у яго канфіскаваныя электронныя шалі і 141 кілаграм плодаагародніннай прадукцыі.
Фота: syamuka