5 траўня 2024, Нядзеля, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У міністра Нічкасава квадратны метр жылля каштуе $414

47
У міністра Нічкасава квадратны метр жылля каштуе $414

Міністр будаўніцтва і архітэктуры жыве ў паралельнай рэальнасці.

Улады абяцаюць развязаць праблемы будаўнічай галіны Беларусі.

Гэта звязваюць з праектам канцэпцыі новай будаўнічай палітыкі краіны. Ён павінен быць зацверджаны бліжэйшым часам. Канчатковая рэдакцыя дакумента будзе разгледжаная ў жніўні, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў чацвер у Менску міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Нічкасаў.

«Дакумент будзе зацверджаны бліжэйшым часам», - заявіў міністр. Паводле ягоных слоў, «у канчатковай рэдакцыі ён будзе разгледжаны ў жніўні», паведамляе «Інтэрфакс».

Праект канцэпцыі «прадугледжвае новыя падыходы коштаўтварэння, арганізацыі кіравання будаўнічага комплексу, закладвае новы ўзровень адносін да якасці матэрыялаў, будынкаў і збудаванняў.

«Дакумент прадугледжвае істотныя змены ў заканадаўства аб архітэктурнай і будаўнічай дзейнасці, - дадаў міністр. - Мы возьмем лепшыя прыклады сусветнай ды айчыннай практыкі».

Кіраўнік Мінбудархітэктуры растлумачыў, што раней будаўнічая палітыка грунтавалася на шматузроўневай структуры інвестыцыйнага працэсу, у які былі ўцягнутыя інвестар, замоўца, выканаўца, субвыканаўца, праектныя арганізацыі і г.д., якія знаходзіліся ў складаным узаемадзеянні. Ён адзначыў, што такі прынцып не дазваляў скараціць інвестыцыйны цыкл.

«Прапановы ліквідацыі бар'ераў у інвестыцыйным цыкле прывялі да патрэбы пераходу на двухузроўневую сістэму - інвестар і генеральны выканаўца, пры якой шмат якія пытанні, што спарадзілі негатыўныя факты ў будаўніцтве, будуць выключаны», - сказаў Нічкасаў.

Міністр паведаміў, што плануецца змяніць форму кантракта будаўніцтва, дапоўніўшы яе мерамі эканамічнай адказнасці замоўцы і выканаўцы на прыкладзе міжнародных кантрактаў. У прыватнасці, са слоў кіраўніка Мінбудархітэктуры, прапануецца ўвесці патрабаванне падачы выканаўцам «гарантый выканання авансавага плацяжу і належнага выканання кантракту, замоўцам - контргарантыі, што фінансаванне будзе праводзіцца ў адпаведнасці з жорсткім графікам».

Нічкасаў растлумачыў, што шмат якія праблемы выкліканыя менавіта збоямі ў фінансаванні з боку замоўцы.

«Поўная адсутнасць адказнасці, у прыватнасці дзяржзамоўцы, і перш за ўсё УКБ, за рэалізацыю праектаў спарадзіла звароты грамадзян з праблемамі ў жыллёвым будаўніцтве», - удакладніў ён.

«Тут будзе наведзены жалезны парадак», - заявіў кіраўнік Мінбудархітэктуры.

Як праінфармаваў Нічкасаў, цяпер таксама рыхтуюцца змены ў заканадаўства ў пытаннях арганізацыі грамадскага абмеркавання планаў будаўніцтва аб'ектаў. Ён заўважыў, што выяўленыя факты, калі абмеркаванні наогул не праводзіліся альбо праводзіліся фармальна. У сувязі з гэтым, прадоўжыў міністр, плануецца ўдасканаліць пастанову, каб да меркавання грамадзян прыслухоўваліся больш. Сам дакумент плануецца вынесці на грамадскае абмеркаванне.

Акрамя таго Нічкасаў паведаміў, што будаўнічы комплекс перайшоў з раней дзейнага базісна-індэкснага метаду на рэсурсны метад утварэння коштаў, арыентуючыся на цяперашнія кошты. Ён падкрэсліў, што з 2014 года ні адзін праект у Беларусі не будзе рэалізоўвацца з ужываннем іншага метаду коштаўварэння, акрамя як рэсурснага.

«Рэсурсны метад стабілізуе раскрутку кошту. Гэта і ёсць мяжа, калі мы фактычна спынілі змяненне кошту квадратнага метра ў супастаўных коштах», - канстатаваў Нічкасаў.

Міністр таксама адзначыў, што цяпер суадносіны сярэдняга заробку і кошту квадратнага метра жылля складаюць 1,4, гэта значыць «на сярэдні заробак можна пабудаваць больш аднаго квадратнага метра». «У папярэднія гады гэты паказнік быў ніжэйшы за адзінку», - сказаў на заканчэнне ён.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у ліпені намінальны налічаны сярэднямесячны заробак склаў 5 159,9 тыс. рублёў або 580 даляраў паводле афіцыйнага курсу НБРБ. Такім чынам, з улікам агучанага міністрам каэфіцыента «1,4», кошт квадратнага метра жылля ў Беларусі не павінен перасягаць 414 даляраў, піша АФН.

Нічкасаў не ўдакладніў, у якім раёне Беларусі і ў якой рэальнасці існуюць такія кошты на жыллё.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках