4 траўня 2024, Субота, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Саакашвілі: Я паводзіўся з Пуціным, як авечка

390
Міхаіл Саакашвілі: Я паводзіўся з Пуціным, як авечка

Сёння спаўняецца пяць гадоў з моманту ўварвання расейскіх войскаў на тэрыторыю Грузіі.

Прэзідэнт закаўказскай краіны Міхаіл Саакашвілі ў інтэрв'ю тэлеканалу Руставі-2 заявіў, што спрабаваў наладзіць стасункі з кіраўніцтвам Расеі, але не дамогся поспеху, піша «Корреспондент».

«Я заўсёды казаў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну прыемныя рэчы, паводзіўся як авечка перад ваўком, але ніколі воўк не будзе добра ставіцца да баранчыка, гэта павінен зразумець грузінскі народ ды ісці сваім шляхам - еўрапейскага выбару», - сказаў Саакашвілі ў інтэрв'ю, падрыхтаванага да гадавіны жнівеньскай вайны 2008 года.

«Мы не павінны быць баранамі, гэты шлях мы ўжо прайшлі, але нічога ад гэтага не здабылі», - сказаў кіраўнік Грузіі, дадаўшы, што наладзіць стасункі з Расеяй можна толькі ў тым выпадку, калі грузінскі народ гатовы «адмовіцца ад важнай часткі сваёй тэрыторыі , адмовіцца ад развіцця, ад надзеі на будучыню».

Саакашвілі адзначыў таксама, што не бачыць перспектывы аднаўлення добрасуседскіх стасункаў з іншымі галінамі ўлады Грузіі. Са слоў грузінскага кіраўніка, прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў проста заявіў, што Расея пойдзе на кантакты з Грузіяй, калі яна прызнае новыя рэаліі, у прыватнасці, незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Ён сказаў, што «мірная мара» суіснавання з цяперашнім кіраўніцтвам Расеі наіўная.

«Дамовіцца з цяперашнім расейскім кіраўніцтвам немагчыма», - сказаў ён.

Гаворачы пра вайну 2008 года, грузінскі прэзідэнт назваў яе непазбежнай. Віну за канфлікт ён, як і раней, ускладае на Расею, абвінавачваючы яе ў намеры «кантраляваць Грузію і адарваць Абхазію і Паўднёвую Асецію».

Саакашвілі таксама заявіў, што Расея скончыць нашмат горш, чым Савецкі Саюз. Заявы Дзмітрыя Мядзведзева датычная кантролю над акупаванымі тэрыторыямі, паводле ягоных слоў, хлуслівыя і цынічныя.

«Я служыў у памежных войсках Савецкай арміі. Гэта было ў Закарпацці, якое Савецкі Саюз адабраў у Вугоршчыны. Савецкі Саюз хаця б не вёў сябе так цынічна і не заяўляў, што ён не мае аніякага дачынення, бо ў Закарпацці ёсць мясцовая ўлада. Туды накіравалі такіх грузінаў як мяне, старэйшага сяржанта Саакашвілі. Жыхары Закарпацця глядзелі на расейцаў, як на акупантаў, пра грузінаў жа казалі, што яны прыгнечаныя. Накіроўвалі туды грузінаў, малдаван, каўказцаў з поўначы. Савецкі Саюз не заяўляў, што мясцовы Абкам кантралюе памежныя войскі. Савецкі Саюз дрэнна скончыў. Гэтыя пасля такой колькасці хлусні і цынізму хутка скончаць нашмат горш», - заявіў Саакашвілі.

Узброены канфлікт паміж Грузіяй з аднаго боку і Расеяй і сепаратысцкімі групоўкамі Паўднёвай Асеціі і Абхазіі з другога адбыўся ў жніўні 2008 года.

Стораны абвінавачвалі адзін аднаго ў правакаванні баявых дзеянняў. У ноч на 8 жніўня пасля абстрэлаў грузінскіх вёсак, узброеныя сілы Грузіі заявілі аб намеры «аднавіць канстытуцыйны парадак» на тэрыторыі непрызнанай рэспублікі і ў выніку баёў занялі большую частку Цхінвалі. У той жа дзень Расея ўмяшалася ў канфлікт на баку паўднёваасецінскіх сепаратыстаў і ўвяла войскі, у тым ліку танкавыя брыгады, на тэрыторыю Грузіі, зазналі бамбардзіроўку грузінскія гарады, парты і вайсковыя аб'екты. Ваенныя дзеянні распаўсюдзіліся далёка за межы Паўднёвай Асеціі на іншыя гарады Грузіі ды Абхазіі. Пасля акупацыі часткі Грузіі расейскімі войскамі і этнічных чыстак грузінскіх вёсак вакол Паўднёвай Асеціі з удзелам міжнародных пасярэднікаў было дасягнутае спыненне агню.

Напісаць каментар 390

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках