5 траўня 2024, Нядзеля, 0:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Контуш: Міліцыя не можа знайсці вінаватых і хапае ўсялякіх актывістаў

12
Яўген Контуш: Міліцыя не можа знайсці вінаватых і хапае ўсялякіх актывістаў

Суд Цэнтральнага раёна прысудзіў нацбола Аляксандра Гулевіча да штрафу ў суме адзін мільён рублёў.

Справы яшчэ дваіх актывістаў нефармальнага руху - Дзмітрыя Паліенкі і Яўгена Контуша - адпраўленыя на дапрацоўку. Пра гэта паведаміла праваабаронца Наста Лойка, перадае БелаПАН.

Справу Дзмітрыя Паліенкі разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін, Яўгена Контуша і Аляксандра Гулевіча - Вікторыя Шабуня.

Нацболаў затрымалі сёння раніцай паводле падазрэння ў дачыненні да акцыі, якая прайшла ўчора каля Міністэрства абароны.

Першым судзілі Дзмітрыя Паліенку, аднак ягоная справа была адпраўленая на дапрацоўку, бо ў пратаколе не было пазначана, якую менавіта норму закона аб масавых мерапрыемствах парушыў актывіст. Ён быў адпушчаны з залы суда.

«Усім пісалі артыкул, звязаны з несанкцыянаваным пікетаваннем, - сказаў ён, - але суддзя вывучыў справу і адправіў яе на дапрацоўку».

Пасля гэтага пачаўся суд над Яўгенам Контушам, аднак неўзабаве ў паседжанні быў абвешчаны перапынак, а самога актывіста адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна для ўнясення змяненняў у пратакол. Пазней суд над ім працягнуўся, аднак справа ўсё роўна была адпраўленая на дапрацоўку. Яго таксама адпусцілі дадому.

«Сёння а восьмай ранку, калі выходзіў з хаты, - распавёў маладзён, - да мяне падышлі пяцёра супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Не назваўшыся, не сказаўшы, з якой нагоды затрымліваюць, заштурхалі мяне ў аўтамабіль і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Ужо там даведаўся, што абвінавачваюся ў тым, што 6 жніўня прайшла акцыя нацыянал-бальшавікоў каля Міністэрства абароны і што мне ставяць у віну ўдзел у гэтай акцыі. Я там не прысутнічаў, што і спрабаваў давесці сёння ў судзе. Цэлы дзень у РУУС пратрымалі, потым адвезлі ў суд, але праз тое, што няправільна быў складзены пратакол, яго адправілі на дапрацоўку.

Міліцыя не хоча пакідаць факт беспакараным, але не можа знайсці сапраўдных вінаватых. А таму хапаюць усялякіх актывістаў, каб прыцягнуць іх да адказнасці».

Нагадаем, 6 жніўня нацболы вывесілі расцяжку «Далоў войска рабоў» на агароджы будынку Міністэрства абароны і раскідалі ўлёткі, якія растлумачваюць негатыўныя бакі фармавання войска на прымусовай аснове і перавагі добраахвотнага.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках