2 траўня 2024, Чацвер, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктарам фірмаў усталявалі ліміты заробкаў

110
Дырэктарам фірмаў усталявалі ліміты заробкаў

Заробак кіраўніка не можа перасягаць сярэдні заробак у арганізацыі больш чым у восем разоў.

Гэта тычыцца ўсялякай камэрцыйнай арганізацыі, калі ў ёй ёсць дзель дзяржуласнасці. Прычым каэфіцыент 8 ужываецца толькі ў высокапрыбытковых арганізацый, якія выконваюць план. У астатніх каэфіцыент будзе меншы, піша Gazeta.ru.

Аднак асаблівасць эканомікі акурат у тым, што ва ўсіх больш-менш прыбытковых сярэдніх і буйных кампаніях дзяржава ўдзельнічае большай ці меншай дзеллю.

Іншая асаблівасць - тое, што ў Беларусі захаваная савецкая планавая сістэма гаспадарання. Толькі план, што спускаецца зверху, цяпер называецца «прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця». Выконваць гэты план абавязаныя ўсе дзяржаўныя арганізацыі, а таксама ўсялякія камэрцыйныя структуры з дзеллю дзяржуласнасці. Больш за тое, часцяком мясцовыя органы ўлады «даюць план» і цалкам прыватным фірмам. Адмовіцца зазвычай немагчыма.

Такі планавы падыход дазваляе з 1 верасня наўпрост стасаваць заробак кіраўнікоў камэрцыйных прадпрыемстваў найперш не да іх рэнтабельнасці (гэта значыць эканамічнай эфектыўнасці), а да выканання плану.

Пры невыкананні ў выніку паўгоддзя двух і больш паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, дадзеных ва ўстаноўленым парадку, каэфіцыент усталёўваецца не больш за 4,0 уключна. Гэта значыць дырэктар не можа атрымліваць больш, чым у чатыры разы больш за сярэдні заробак на прадпрыемстве.

Надалей каэфіцыент, вызначаны ў кантракце з кіраўніком камэрцыйнай арганізацыі, усталёўваецца пры выкананні за квартал усіх паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, дадзеных ва ўстаноўленым парадку.

Пры гэтым, аднак, у пастанову закладзеныя механізмы, якія стымулююць не толькі выкананне афіцыйна «спушчанага зверху» плана, але і забеспячэнне прыбытковасці прадпрыемства.

Калі яно паказвае хоць нейкі прыбытак, то пры разліку каэфіцыента перавышэння заробку яе дырэктара не ўлічваюцца дзяржпрэміі, гадавыя бонусы, матдапамога ды шэраг іншых выплат.

У пастанове шчыра сказана: «Кіраўнікам арганізацый незалежна ад формы ўласнасці не налічваюцца і не выплачваюцца ўсе тыпы прэмій, бонусаў і ўзнагарод у выніку дзейнасці за год пры наяўнасці страт ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг ) за справаздачны перыяд у параўнанні з папярэднім перыядам у арганізацыі ў цэлым і (або) запазычанасці ў выплаце заробку». Гэта значыць, урадавую пастанову не выпадзе абыйсці, «проста» налічваючы дырэктарам дадаткова да заплаты рознага кшталту прэміі і бонусы.

У абарону новых нормаў аплаты працы дырэктараў актыўна выступае міністарка працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна. У нядаўнім інтэрв'ю дзяржаўнаму інфармагенцтву яна, у прыватнасці, заявіла: «Я б назвала пастанову саўміна своечасовым рэагаваннем на тыя змены, якія адбываюцца ў эканоміцы. Гэтай пастановай, перш за ўсё, расшыраныя правы органаў, якія ўкладалі з кіраўнікамі арганізацый кантракты, для ўсталявання больш гнуткай сістэмы стымуляцыйных выплат. Цяпер у іх з'явіўся выбар: прэміі, кароткатэрміновыя бонусы, гадавы бонус, узнагарода за вынікі працы за год, узнагарода ў адсотках ад даходу або ад сумы замежнаэканамічнай угоды. Пры гэтым агульная сума выплат стымуляцыйнага характару (прэміі, кароткатэрміновыя бонусы ) не павінна перасягаць трох тарыфаў у разліку на месяц. У год гэта выходзіць 36 тарыфаў. Але заўважце, яны не выплачваюцца аўтаматычна - іх трэба зарабіць, забяспечыўшы выкананне прагнозных паказчыкаў».

Беларускія эканамісты назвалі ўжо некалькі відавочных наступстваў пастановы савета міністраў, што ўваходзіць у дзеянне.

Па-першае, вельмі шмат дырэктараў з'яўляюцца адначасова сузаснавальнікамі прадпрыемстваў або трымальнікамі пакетаў іх акцый. Адпаведна, павялічацца выплаты дывідэндаў заснавальнікам, сродкі будуць накіроўвацца ў меншай ступені на развіццё бізнэсу, а ў большай - яго суўладальнікам.

Па-другое, будзе расці - далёка не заўсёды абгрунтавана - сярэдні заробак на прадпрыемствах. Бо чым вышэйшы ён, тым вышэйшы і даход дырэктара. У Беларусі і цяпер рознарабочы ў краме вельмі часта бярэ ў паўтары-два разы больш, чым настаўнік у школе, а цяпер гэтая розніца можа яшчэ больш павялічыцца.

Ну і, нарэшце, прыпіскі. Заблытаная беларуская бухгалтэрыя (у краіне сёння блізу 400 тысяч бухгалтараў - 10% ад эканамічна актыўнага насельніцтва) дазваляе досыць гнутка маніпуляваць паказчыкамі, дэманструючы выкананне плана нават там, дзе яго напраўду няма.

Паводле інфармацыі міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Hay Group, сума заробку мэнэджэраў сярэдняга і вышэйшага ўзроўняў перасягае заробак шараговых супрацоўнікаў на Украіне ў 9,4 раза, у Расеі - у 8,3, у Вугоршчыне - у 6,6, у Чэхіі - у 6,4, у Італіі - у 3,9, у ЗША - у 3,8, у Францыі - у 3,7, у Аўстрыі - у 3,6, у Японіі і Вялікабрытаніі - у 3,4 раза.

Напісаць каментар 110

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках