2 траўня 2024, Чацвер, 3:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вялікі пракол «беларускага эканамічнага цуду»

59
Вялікі пракол «беларускага эканамічнага цуду»

Неяк не складваюцца адносіны паміж сябрамі Мытнага Саюза.

Увесь час іх цягне ў розныя бакі, прычым Беларусь і Казахстан у процілеглы бок ад Расеі. Скандалы ідуць адзін за адным і працы галоўнаму санітарнаму ўрачу Расеі Анішчанку ўвесь час дадаецца, піша ўкраінская газета «День».

Слабым звяном у саюзе трох апынулася Беларусь. У разгар гандлёвай вайны Украіны з Расеяй Лукашэнка абрынуўся на суседзяў з абвінавачваннямі ў нахабным падмане. Намёк апынуўся досыць празрыстым. У Маскве ўсё гэта проста праігнаравалі, не ў першы раз беларускі правадыр так выступае, усё адно нікуды не дзенецца і з саюза не выпадзе.

Быць ці не быць Беларусі ў Мытным Саюзе - яе прыватная справа. Ва ўмовах, калі Кіеву спрабуюць проста выкруціць рукі, каб і Украіна далучылася да аб'яднання трох, прыгледзецца да становішча суседзяў вельмі карысна.

Пачнём з двух, здавалася б, не звязаных падзеяў. У Менску затрыманы генеральны дырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгэртнэр, які прыбыў у краіну па запрашэнні яе прэм'ера Міхаіла Мясніковіча. Гэта адбылося амаль праз месяц пасля скандальнага разрыву адносін кампаніі з «Беларуськаліем». Следчы камітэт Беларусі падазрае топ-мэнэджэра ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і нанясенні «Беларуськалію» і дзяржаве шкоды ў 100 млн даляраў.

Праблема ў тым, што «Уралкалій» і «Беларуськалій» са скандалам разарвалі свае адносіны ў чэрвені пасля таго, як сваім указам Лукашэнка дазволіў апошняму прадаваць сваю прадукцыю не толькі праз агульнага трэйдара.

Чыста камерцыйная на першы погляд справа набыла палітычную афарбоўку. Цалкам зразумела, што узяты ў закладнікі высокапастаўлены менеджэр буйной расейскай кампаніі. Галоўным з'яўляецца прамое ўказанне расейскаму буйному бізнэсу на правілы вядзення спраў з Беларуссю. Адначасова Крамлю паказваецца, каб не ўмешваўся і свой бізнэс не абараняў. Інакш рушаць услед падобныя справы.

Другая праблема складаецца ў тым, што нападкі на «Уралкалій» выкліканыя агульным імклівым падзеннем беларускай эканомікі. Ужо працяглы час яна падтрымліваецца на плыву за кошт дзяржаўных датацый. Пры гэтым вырабляецца нізкаякасная прадукцыя, што не знаходзіць збыту. А калі выпрацоўваюцца тавары прымальнай якасці, напрыклад прадукты харчавання, то ў рамках МС ім ставяцца разнастайныя перашкоды, праверкі і абмежаванні. Аб засіллі беларускага малака і мяса ў Расеі крычаць расейскія вытворцы і патрабуюць прыняць меры. Што і робіцца. Анішчанка на варце.

Затаварванне складоў стала бізуном беларускай прамысловасці. Паводле звестак Белстата, на канец мая 2013 года, складскія запасы ацэньваліся ў 33,3 трлн беларускіх рублёў (3,8 млрд даляраў), павялічыўшыся з пачатку года на 1,29 млрд даляраў. Нерэалізаванага абутку сабралася 3,7 млн пар. Запасы трактароў, паводле афіцыйных дадзеных на канец першага паўгоддзя, склалі 11,5 тыс машын (па неафіцыйных 20 тыс), што складае 200% у адносінах да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Зараз трактар прапануюць набыць на Менскім трактарным заводзе за 19 тыс даляраў, фактычна на дурніцу.

Вынік адбіваецца на бюджэце. Як паведаміў намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч, «Паводле нашых ацэнак, у рэспубліканскі бюджэт не трапіла 9 трлн рублёў (1,02 млрд даляраў). У першую чаргу гэта звязана са зніжэннем паступленняў па падатку на прыбытак, з прычыны таго што прыбытак у эканоміцы пакідае жадаць лепшага».

Урад збіраецца пакрыць дэфіцыт павышэннем акцызаў на паліва. Ужо ў верасні іх плануецца павысіць на 30-40%, а гэта непазбежна прывядзе да іх падаражання. Паводле ацэнак экспертаў, на 7-10% мінімум. У наступным годзе акцызы на паліва павінны вырасці ў 2,5-3 разы.

Лукашэнка папярэдзіў аб скарачэнні расходаў на навуку. І абгрунтаваў гэта: «Навукоўцы - разумныя людзі. Павінны зарабіць і сабе, і дзяржаве». Далей ідуць выдаткі на спорт. Яны будуць істотна скарочаныя. «Больш шалёных грошаў у спорце не будзе», - заявіў ён. Вядомыя спартсмены адзначылі, што да іх шалёныя грошы і раней не даходзілі.

Пра тое наколькі складанае эканамічнае становішча ілюструе ўказанне Лукашэнка аптымізаваць ваенныя выдаткі, засяродзіўшы іх на самых важных напрамках. Скароцяцца на 20% выдаткі на ўтрыманне чыноўнікаў і настаўнікаў. У новым сезоне з верасня павышаюцца тарыфы ЖКГ. У стадыі абмеркавання - увядзенне падатку на непрацоўных.

Відавочна, што надыходзіць канец «беларускаму эканамічнаму цуду». Напэўна, Лукашэнка спадзяваўся на далейшыя расейскія датацыі ў выглядзе нізкіх цэнаў за энергарэсурсы як плату за палітычную і эканамічную лаяльнасць пры уступленні ў Мытны Саюз. Масква, на яго думку, аказалася няўдзячнай і датацыі рэзка знізіла, а кошты павялічыла.

Як вынік - высокія падаткі, крадзеж і карупцыя, адсутнасць прыватнага бізнесу і любых іншых інвестыцый, акрамя дзяржаўных. Эксперты папярэджвалі, што для беларускай эканомікі ўваходжанне ў Мытны саюз можа скончыцца крахам. Беларускі эканаміст Леанід Заіка адзначае. «Мы стварылі вельмі дрэнныя ўмовы для ўзаемнага тавараабмену. Стварэнне Мытнага саюза было вялікім праколам. Экспарт Беларусі ўпаў на 25%».

Заезджыя маскоўскія агітатары за Мытны Саюз і іх украінскія саўдзельнікі ўвесь час палохаюць крахам ўкраінскай эканомікі ў выпадку падпісання Пагаднення аб асацыяцыі і зоны свабоднага гандлю з ЕС, так як наш рынак апануюць еўрапейскія тавары. І распавядаюць нам легенды пра тое, якое нас чакае шчасце ў Мытным Саюзе. Спрачацца з імі бескарысна. Трэба проста паглядзець на Беларусь і яе эканоміку. Такое ж чакае і Ўкраіну, калі яна адмовіцца ад еўрапейскага курсу.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках