3 траўня 2024, Пятніца, 10:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барак Абама: Удар па Сірыі прымусіць дыктатара падумаць двойчы (Відэа)

22
Барак Абама: Удар па Сірыі прымусіць дыктатара падумаць двойчы (Відэа)

Прэзідэнт ЗША выступіў са зваротам да амерыканскай нацыі.

У тэлезвароце да амерыканцаў прэзідэнт Барак Абама патлумачыў, чаму ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі ЗША адрэагаваць на ўжыванне хімічнай зброі ў Сірыі.

Абама адзначыў, што ЗША не ўмешваліся ў грамадзянскую вайну ў Сірыі, але хімічная атака, якая адбылася 21 жніўня, якую ажыццявіў рэжым Башара Асада, прывяла да гібелі больш тысячы чалавек, у тым ліку сотняў дзяцей. Паводле яго слоў, ваеннае ўмяшанне ў дадзеным выпадку неабходнае, каб падобнае не паўтарылася, перадае BBC.

«Ніхто не аспрэчвае, што хімзброя ў Сірыі была ўжытая. Свет бачыў тысячы відэа і фатаграфій, якія сведчаць пра атаку. І гуманітарныя арганізацыі паведамлялі пра шпіталі, перапоўненыя людзьмі з сімптомамі атручвання газам. Больш за тое, мы ведаем, што рэжым Асада нясе адказнасць за гэтыя атакі. У дні, якія папярэднічалі 21 жніўня, як нам вядома, прыхільнікі Асада рыхтаваліся да нападу ў раёне, дзе яны распылілі газ зарын. Яны раздалі маскі сваім вайскоўцам, яны выпусцілі ракеты з тэрыторый, якія былі падкантрольныя рэжыму, па 11 прыгарадах, адкуль рэжым спрабаваў выгнаць сілы апазіцыі», - сказаў прэзідэнт ЗША.

Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што нага амерыканскага салдата не ступіць на сірыйскую тэрыторыю, а сам ён аддае перавагу мірнаму вырашэнню праблемы.

«Я не пашлю войскі ў Сірыю, удар будзе абмежаваным. Толькі Амерыка сваім абмежаваным ударам можа падаць сігнал Асаду. Абмежаваны ўдар па Сірыі можа прымусіць дыктатара Асада падумаць двойчы перад тым, як зноў прымяніць хімзброю», - сказаў у тэлезвароце да нацыі прэзідэнт Абама.

Абама паабяцаў разгледзець прапанову Расеі аб перадачы хімзброі ў Сірыі пад міжнародны кантроль, дадаўшы, што спачатку трэба праверыць, наколькі рэальна ўвасобіць гэта ў жыццё. «Пакуль рана казаць, ці будзе паспяховай гэта прапанова», - сказаў ён.

Ён пацвердзіў, што дзяржсакратар ЗША ў чацвер сустрэнецца ў Жэневе з расейскім міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым. «Я ж працягну дыялог з прэзідэнтам Пуціным», - дадаў Абама.

Абама спадзяецца заручыцца падтрымкай сваіх міжнародных саюзнікаў, якія прызнаюць неабходнасць ваеннай аперацыі. Таксама ён адзначыў, што амерыканская армія будзе гатовая да ваенных дзеянняў, каб працягваць аказваць ціск на Асада.

Раней было адмененае экстраннае пасяджэнне Рады Бяспекі ААН па абмеркаванні рэзалюцыі, накіраванай на ліквідацыю сірыйскіх запасаў хімічнай зброі. Як паведамляецца, пра гэта папрасіў расейскі бок, які раней выступіў ініцыятарам склікання Рады бяспекі.

У той жа час Барак Абама заклікаў Сенат адкласці галасаванне па Сірыі, пакуль Рада Бяспекі ААН не вынесе рашэнне. ЗША папярэдзілі, што расейская прапанова аб пастаноўцы хімзброі ў Сірыі пад міжнародны кантроль не павінна стаць падставай для прамаруджання і адмовы ад дзеянняў.

Прапанаваны Масквой план узяць сірыйскую хімічную зброю пад міжнародны кантроль выклікаў бурныя дэбаты ў ААН. Велікабрытанія, ЗША і Францыя заявілі пра неабходнасць ўнясення ў рэзалюцыю палажэнняў аб дакладных тэрмінах рэалізацыі гэтых мер і наступстваў у выпадку адмовы ад іх выканання.

Сірыя пагадзілася на расейскую прапанову перадаць свае запасы атрутных рэчываў. Пасля гэтага Францыя абвясціла пра намер унесці ў Раду Бяспекі ААН рэзалюцыю, якая забяспечвае гарантыі ажыццяўлення Дамаскам узятых на сябе абавязацельстваў па хімічнаму раззбраенню.

Не дапусціць затрымак

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што план павінен быць дынамічным і падлягаць праверцы, і папярэдзіў, што яго ажыццяўленне будзе выключна цяжкай справай.

ЗША, Брытанія і Францыя маюць намер унесці ў Раду Бяспекі сумесны праект рэзалюцыі, аднак Расея ўжо выказалася супраць яго.

Праект рэзалюцыі ўтрымлівае заклік да Сірыі прызнаць публічна факт валодання хімічнай зброяй, змясціць яго пад міжнародны кантроль і прыступіць да яго ліквідацыі.

Прэм'ер-міністр Брытаніі Дэвід Кэмеран заявіў, што гэтая рэзалюцыя ставіць сваёй мэтай дамагчыся таго, каб расейская прапанова не стала манеўрам, які адцягвае ўвагу.

Аднак міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіус паведаміў у аўторак, што ён размаўляў з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым, які пацвердзіў, што Масква пярэчыць супраць рэзалюцыі, якая мае абавязковую сілу.

Расея адхіляе французскі праект рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН па Сірыі са згадваннем 7-й часткі Статута ААН, якая прадугледжвае прымяненне сілы, паведаміў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.

Пагроза ўварвання

Выступаючы ў Парыжы, Фабіус заявіў, што ў рэзалюцыі, якая складаецца з пяці пунктаў, будзе ўтрымлівацца патрабаванне, каб Сірыя цалкам апублікавала сваю праграму хімічнай зброі.

Гэта таксама мяркуе праверкі міжнароднымі інспектарамі і кантроль над працэсам знішчэння запасаў.

Рэзалюцыя будзе прапанаваная ў рамках сёмай часткі хартыі ААН і будзе прадугледжваць магчымыя ваенныя і неваенныя дзеянні для аднаўлення міру, дадаў Фабіус.

Паводле яго слоў, гэты план ужо абмяркоўваўся раней, але яго прасоўванне паскорылася з-за напружанасці вакол Сірыі, якая склалася ў апошнія тыдні.

Францыя і ЗША насцярожана ставяцца да гульні ў «кошкі-мышкі», знаёмай з часоў вайны ў Іраку, але яны гатовыя даць шанец плану, які падтрымлівае Масква, адзначае карэспандэнт BBC у Парыжы Крысціян Фрэйзер.

Французскія ўлады хочуць пазбегнуць сцэнара, пры якім план Масквы аказваецца толькі спосабам цягнуць час, таму ў рэзалюцыі будуць прадугледжаныя ўсе варыянты ціску на рэжым Асада, у тым ліку пагроза ваеннага ўдару.

Па дадзеных ААН, з моманту свайго пачатку ў сакавіку 2011 года канфлікт у Сірыі забраў жыцці 100 тысяч чалавек.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках