2 траўня 2024, Чацвер, 3:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пан Гі Мун: ААН пацвердзіць ужыванне хімічнай зброі ў Сірыі

11
Пан Гі Мун: ААН пацвердзіць ужыванне хімічнай зброі ў Сірыі

Публікацыя дакладу інспектараў ААН чакаецца напачатку наступнага тыдня.

Ён цалкам пацвердзіць факт выкарыстання ў жніўні ў Сірыі хімічнай зброі, заявіў генеральны сакратар арганізацыі Пан Гі Мун. Пры гэтым ён не паведаміў, каго прадстаўнікі ААН уважаюць адказнымі за яе ўжыванне 21 жніўня ў прадмесці Дамаска - Гуце. Пошук вінаватых не ўваходзіў у задачы місіі інспектараў ААН у Сірыі, перадае BBC.

У той жа час Пан Гі Мун заявіў, што сірыйскі прэзідэнт Башар Асад учыніў «злачынствы супраць чалавечнасці».

«Таму я ўпэўнены, што, калі ўсё скончыцца, вінаватым давядзецца адказаць [за ўчыненае]», - сказаў генеральны сакратар.

Між тым, Пан Гі Мун, магчыма, не ўсведамляў, што ягоная заява ў дачыненні да Асада, зробленая падчас міжнароднага жаночага форуму ААН, транслявалася тэлевізіяй ААН.

Тое, што даклад ужо гатовы, пацвердзіў і кіраўнік групы інспектараў хімічнай зброі Акэ Селстрам. З ягоных слоў, дату апублікавання дакумента вызначыць генеральны сакратар арганізацыі.

Высокапастаўлены дыпламат ААН паведаміў, што Пан Гі Мун падасць даклад Радзе Бяспекі ўдзень у панядзелак.

На гэтым фоне ў Жэневе доўжацца перамовы кіраўнікоў замежнапалітычных устаноў Расеі і ЗША з нагоды выпрацоўкі механізму перадачы сірыйскай хімічнай зброі пад міжнародны кантроль у адпаведнасці з прапанаванай раней Масквой ініцыятывай.

Прадстаўніца кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова паведаміла, што перамовы з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры будуць доўжыцца і ноччу, дадаўшы, што стораны абмяркоўваюць самую сутнасць пытання.

ЗША і іх староннікі вінавацяць урад Сірыі ў забойстве сотняў чалавек у выніку выкарыстання хімічнай зброі ў прадмесці Дамаска. Сірыйскія ўлады адмаўляюць гэтыя абвінавачанні, ускладаючы адказнасць за інцыдэнт на паўстанцаў.

Каментуючы будучую прэзентацыю вынікаў працы місіі ААН у Сірыі, прэс-сакратарка дзярждэпартамента ЗША Мары Харф заявіла, што, як чакаюць у Вашынгтоне, у дакладзе не будзе ісці гаворка пра тое, хто ўчыніў хіматаку, аднак гэты дакумент «яшчэ раз пацвердзіць тое, што мы ўжо казалі» пра інцыдэнт у Гуце.

Прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса адзначаюць, што, хоць у дакладзе сапраўды не будуць названыя асобы, адказныя за выкарыстанне хімзброі, у ім будуць пададзеныя важныя звесткі: пробы зямлі з месца атакі, узоры крыві пацярпелых, а таксама вынікі апытанняў лекараў і сведак.

Усё гэта цалкам можа даць падставы для здагадак аб тым, хто мог учыніць жнівеньскую хімічную атаку.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках