9 траўня 2024, Чацвер, 10:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бедным» чыноўнікам паднялі заробкі на 43%

144
«Бедным» чыноўнікам паднялі заробкі на 43%

«Год беражлівасці» - не для чыноўнікаў.

У ліпені сярэдняя зарплата ў сферы дзяржкіравання склала 7,59 млн. рублёў і павялічылася ў параўнанні з чэрвеньскім паказчыкам (5,3 млн. рублёў) на 43,1%.

Для параўнання: паводле звестак Белстата, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата па краіне ў ліпені склала 5,45 млн. рублёў і павялічылася ў параўнанні з чэрвенем на 5,6%, піша БелаПАН.

Да ліпеня сярэдняя зарплата работнікаў органаў дзяржкіравання павялічвалася паступова - пра гэта сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі. Так, у студзені гэты паказчык складаў 4,61 млн. рублёў, лютым - 4,69 млн., сакавіку - 4,83 млн., красавіку - 5,26 млн., траўні - 4,98 млн., чэрвені - 5,3 млн. рублёў.

Значны рост заробкаў у дзяржорганах у ліпені шмат у чым абумоўлены скарачэннем колькасці дзяржслужачых, растлумачыў высокапастаўлены супрацоўнік органаў дзяржкіравання. Пад скарачэнне трапілі каля 30% дзяржслужачых. «Адпаведна, на гэтую ж велічыню былі павялічаныя і зарплаты пакінутым работнікам», - адзначыў суразмоўца.

Па звестках агенцтва, ініцыятыва аб скарачэнні колькасці штату работнікаў дзяржорганаў з'явілася ва ўрадзе яшчэ восенню 2011 года. З прычыны дэвальвацыі рубля зарплаты дзяржслужачых істотна знізіліся ў рэальным выражэнні, і каб спыніць адток кадраў, урад вырашыў скараціць свой апарат з мэтай павелічэння зарплаты пакінутым работнікам.

У снежні 2011 года была прынятая пастанова ўрада аб скарачэнні на працягу 2012 года колькасці апарата Савета міністраў на 20%. Меркавалася, што калі пілотны праект па аптымізацыі колькасці дзяржслужачых на ўзроўні ўрада будзе паспяховым, скарачэнне колькасці дзяржслужачых закране і іншыя дзяржорганы.

У жніўні 2012-га, прадстаўляючы Андрэя Кабякова на пасадзе кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, Лукашэнка даручыў «распрацаваць канкрэтную сістэму мер па павышэнню прэстыжу дзяржаўнай службы».

У кастрычніку таго ж года ў Беларусі была створаная дзяржкамісія для выпрацоўкі прапановаў па аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржаўных органаў, якую ўзначаліў Кабякоў. Камісіі было даручана да канца 2012 года ўнесці на разгляд Лукашэнкі прапановы, якія датычацца аптымізацыі колькасці работнікаў дзяржорганаў.

У студзені 2013 года на нарадзе па пытаннях аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржорганаў Лукашэнка даручыў да 1 ліпеня скараціць колькасць дзяржслужачых на чвэрць і адначасова з гэтым павялічыць зарплаты дзяржслужачым. «За кошт плана павелічэння зарплаты, можам, я думаю, да канца першага паўгоддзя нешта недзе на 50% павысіць. Таму давайце вось такім чынам пойдзем, за першае паўгоддзе ўтрасем цалкам гэтую структуру, арыентуючыся на 25% скарачэнні колькасці», - сказаў Лукашэнка.

У красавіку 2013 года ён падпісаў указ, які прадугледжвае скарачэнне колькасці работнікаў дзяржорганаў у сярэднім на 25%. Дакумент прадугледжваў правядзенне асноўных працэдур па аптымізацыі сістэмы дзяржорганаў і іншых дзяржарганізацый, а таксама колькасці іх работнікаў да 1 ліпеня.

Як паведамлялася раней, міністэрствы і ведамствы перавыканалі заданне па скарачэнні колькасці сваіх работнікаў. Так, напрыклад, колькасць работнікаў падатковых органаў у першым паўгоддзі скарацілася на 26,8%.

Напісаць каментар 144

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках