24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея скарачае пастаўкі нафты ў Беларусь па трубе

19
Расея скарачае пастаўкі нафты ў Беларусь па трубе

Мінэнерга РФ узгадніла штоквартальны графік прапампоўкі сырой нафты па магістральных трубаправодах.

Як паведаміў «Известиям» прадстаўнік ведамства, у IV квартале 2013 года ў Беларусь будзе пастаўлена 3,1 млн т нафты - нягледзячы на яе просьбы паставіць 5,75 млн т.

Цяперашні квартальны аб'ём паставак нафты ў краіну зыходзіць з гадавога аб'ёму прапампоўкі нафты у 18,5 млн т у год, як прапанаваў раней віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч. Крыніца, блізкая да Мінэнерга РФ, паведаміла, што па выніках першых трох кварталаў 2013 года планавалася прапампаваць 15,4 млн т нафты.

Прычыны скарачэння паставак нафты ў Беларусь як палітычныя, так і эканамічныя. Расея незадаволеная не толькі арыштам топ-мэнэджэра «Уралкалію», але і сістэматычным парушэннем беларускім бокам балансаў пастаўкі нафтапрадуктаў на расейскі рынак у памеры 2,1 млн т бензіну ў год. У студзені-ліпені беларусы паставілі толькі каля 700 тыс. т бензіну, а ў 20-х чыслах жніўня беларускі бензін наогул знік з расейскага рынку, вярнуўшыся толькі 13 верасня.

Акрамя таго, «Транснефть» раней абвясціла, што з-за рамонту трубаправода «Дружба» знізілася тэхнічная магчымасць прапампоўкі нафты. У прыватнасці, з-за гэтага ў верасні пастаўкі ў Беларусь будуць зніжаныя на 233 тыс. т. Па словах прадстаўніка «Транснефти» Ігара Дзёміна, кампанія ў аўторак раніцай атрымала ўзгодненыя Мінэнерга графікі на IV квартал. У іх улічаныя тэхнічныя магчымасці прапампоўкі паліва, зыходзячы з неабходнасці працягу рамонту «Дружбы», але не ўключаныя транзітныя патокі нафты па расейскай тэрыторыі з іншых краін.

Кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын раней казаў, што кампанія мае намер выканаць свае абавязацельствы па пастаўках нафты на беларускія НПЗ у ранейшых аб'ёмах і ў выпадку неабходнасці нават гатовая вазіць сыравіну цыстэрнамі - што, па словах аналітыка па нафце і газе Raiffeisenbank Андрэя Палішчука, у 2-3 разы даражэй прапампоўкі па трубаправодзе. Магчымую шкоду сваёй кампаніі ад зніжэння паставак нафты ў Беларусь у IV квартале Сечын раней ацэньваў у $20 млн. Прадстаўнік «Раснафты» ўчора быў недаступны для каментароў.

Па словах прадстаўніка «Лукойла», кампанія ўжо знізіла свае аб'ёмы паставак у Беларусь у верасні, а аб'ёмы, якія засталіся, перанакіравала па іншых экспартных трубаправодах. Прадстаўнік кампаніі растлумачыў «Известиям», што яна не плануе пастаўляць на беларускія НПЗ нафту па чыгунцы, бо гэта неапраўдана дорага. Суразмоўца ўдакладніў, што ў выніку скарачэння графікаў трубаправоднай прапампоўкі нафты ў Беларусь на кастрычнік-снежань кампанія вымушаная будзе скараціць аб'ёмы перапрацоўкі сваёй нафты ў краіне, але свае АЗС з Беларусі і сумежных краін без бензіну не застануцца. Маторнае паліва плануецца закупляць на рынку.

Прадстаўнік кампаніі «Альянс» паведаміў, што аб'ёмы паставак нафты ў Беларусь яго кампаніяй нязначныя. Скарачэнне штоквартальных графікаў не зробіць «Альянсу» значнай фінансавай шкоды і мінімальна паўплывае на лагістыку паставак. Прадстаўнік кампаніі ўдакладніў, што яна здабывае менш нафты, чым перапрацоўвае.

«Газпрам нафта» да апошняга часу забяспечвала беларускімі нафтапрадуктамі ўласныя збытавыя структуры ў рэспубліцы, не адпраўляючы гэтую прадукцыю на экспарт ці на расейскі рынак. Цяпер жа, як неафіцыйна паведаміла крыніца ў кампаніі, частка бензіну будзе закупляцца на баку, а нафта, якая «выпадае» з графіка, пойдзе па трубаправодах у іншы бок. «Башнафта», па словах крыніцы ў кампаніі, таксама плануе дыверсіфікаваць свае беларускія аб'ёмы паліва па альтэрнатыўных напрамках «Транснефти».

Атрымаць каментары «Татнафты» і «Сургутнафтагаза» не ўдалося.

Экспартны графік прапампоўкі нафты яшчэ можа быць скарэктаваны, кажа крыніца, знаёмая з парадкам прыняцця рашэнняў ва ўрадзе - пасля звароту аднаго або некалькіх удзельнікаў рынку ва ўрад або профільныя ведамствы. Суразмоўца «Известий» адзначае, што скарачэнне паставак нафты ў Беларусь фінансава нявыгадна для нафтавікоў, але нейкім чынам выгадна для расейскага бюджэту. Бо пастаўкі ў краіну Мытнага саюза па давальніцкіх схемах - бяспошлінныя, а выгада ад пераарыентацыі па іншых трубаправодных экспартных маршрутах да 2,65 млн т нафты пры дзеючых экспартных пошлінах ($416,4 за тону) можа прынесці бюджэту краіны звыш $1,1 млрд дадатковага даходу.

Фота: Марат Абулхацін

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках