7 траўня 2024, aўторак, 2:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да «Дажынак» пад Жлобінам руйнуюць паселішча цыганоў

68
Да «Дажынак» пад Жлобінам руйнуюць паселішча цыганоў

Напярэдадні «Дажынак» у вёсцы Лебедзеўка, блізу 2,5 км ад Жлобіна, руйнуюць паселішча цыганоў.

Блізу 20-30 чалавек, сярод якіх старыя, інваліды і дзеці, застануцца без даху над галавой.

Адна з прычын «ліквідацыі» - хаціны цыганоў бачныя з трасы Менск- Гомель.

На мінулым тыдні ў Лебедзеўцы ўжо разбурылі тры хаты цыганоў, на наступным - зраўняюць з зямлёй яшчэ пяць. Пакуль людзі вырываюць з будынкаў вокны, дзверы, пераносяць да суседзяў у вёсцы каштоўныя рэчы. Дзе будуць зімаваць, цыганы не ведаюць.

У Лебедзеўцы цыганы пачалі сяліцца 20-30 гадоў таму. Паводле слоў Пятра Альхоўскага, старшыні Лукскага сельсавета Жлобінскага раёна, дамы, якія руйнуюцца, пабудаваныя незаконна.

- Яны там усе (цыганы, чые дамы падлягаюць знішчэнню): і дарослыя, і дзеці непісьменныя. Мяне папрасілі дапамагчы, таму што я ўмею пісаць і чытаць, - распавядае Tut.by мясцовая жыхарка Вера Андрэева. - Мы сабраліся і напісалі ў Дзяржкантроль скаргу ў Менск. Ліст перанакіравалі ў Гомель, а потым у Жлобінскі райвыканкам.

- Куды гэтым людзям ісці? Ніякага жылля не прапаноўваюць замест гэтага, - задаецца пытаннем яна.

Паводле інфармацыі Веры Андрэевай, у цыганоў, чые дамы руйнуюць, пашпарты ёсць, але рэгістрацыі на месцы жыхарства няма. Як і няма дакументаў, якія пацвярджаюць права ўласнасці на дамы.

- Але пенсію яны атрымліваюць без рэгістрацыі, медыцынскую дапамогу ім надаюць. І лекары, і міліцыя ведае, у якім доме хто жыве, - кажа яна.

Суразмоўца заўважыла, што нягледзячы на тое, што дарослыя людзі там беспрацоўныя, яны трымаюць хатнюю гаспадарку. Некаторыя з пацярпелых - пенсіянеры ды інваліды.

Суседка пацярпелых Вера Андрэева паказвае тэхнічныя характарыстыкі на адзін з дамоў, які ідзе пад руйнаванне. Аднак, гэты дакумент не пацвярджае права ўласнасці.

Пётр Альхоўскі, старшыня Лукскага сельсавета Жлобінскага раёна, распавёў, што ў Лебедзеўцы плануюць разбурыць восем дамоў. Два з іх - нежылыя. Аб руйнаванні людзей папярэдзілі ў траўні гэтага года. Прычына - дама стаяць у водаахоўнай зоне ракі Дняпро, што забаронена законам. Пры гэтым хаціны пабудаваныя без дакументаў на самавольна занятай тэрыторыі.

- Ніводзін з будынкаў не ўзаконены ніякім чынам. Гэтай вясной асобныя дамы стаялі па вокны ў вадзе. Іх папярэдзілі, каб шукалі сабе што-небудзь іншае, пераносілі дамы. Мы былі ім гатовыя даць пляцы ў іншых населеных пунктах, бо ў Лебедзеўцы месцаў няма. Станавіцеся на чаргу, як усе людзі, мы дамо надзел. Пераносьце туды свой дом, калі ён вытрымае перанос, - каментуе сітуацыю прадстаўнік мясцовай улады.

Паводле ягоных слоў, паводле закону даць жыллё наўзамен таго, што зруйнуюцць, немагчыма. На дамы ў цыган няма дакументаў, якія пацвярджаюць права ўласнасці.

Старшыня адзначыў, што пытанне аб разбурэнні дамоў узнікла менавіта цяпер, бо гэтай восенню ў Жлобіне пройдзе рэспубліканскае свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі -2013», а паселішча цыганоў праглядаецца з трасы Менск-Гомель. Яшчэ адна прычына - падчас вясновай паводкі некаторыя з дамоў затапіла па вокны:

- Як раз у гэтым годзе вада трымалася, прыехала камісія, іх папярэдзілі: і вам нязручнасць, і без дазволу...

Са словах старшыні, да наступнага тыдня ў цыганоў ёсць час вынесці з пяці дамоў каштоўныя рэчы, зняць шыфер.

- Яны самі актыўна дама разбурылі. Мы паклалі коўш на тыя руіны, якія там засталіся. Калі прыехаў экскаватар - ніхто перад тэхнікай не стаў. Чаго падымаць цяпер хвалю, калі яны ўсё гэта ведалі? - Апісвае ён тое, што адбываецца.

Фота: tut.by

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках