5 траўня 2024, Нядзеля, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самы вялікі вулкан на Зямлі знайшлі ў Ціхім акіяне

5
Самы вялікі вулкан на Зямлі знайшлі ў Ціхім акіяне

Геафізікі з ЗША адкрылі на дне Ціхага акіяна гіганцкі мегавулкан, які па сваіх памерах супастаўны c Брытаніяй або з марсіянскай гарой Алімп.

Пра гэта гаворыцца ў артыкуле на сайце часопіса Nature Geoscience, піша korrespondent.net.

У прыватнасці, Уільям Сэгер з Тэхаскага ўніверсітэта A&M і яго калегі даследавалі дно ў паўночна-заходняй частцы Ціхага акіяна, у раёне ўзняцця Шацкага, і выявілі, што самае вялікае плато на ім, якое атрымала назву масіў Таму (па абрэвіятуры ўніверсітэта - Texas A&M University) з'яўляецца адзіным вулканічным збудаваннем.

Дыяметр мегавулкана Таму складае каля 625 кіламетраў, а вышыня дасягае 4 кіламетраў. Таму не вывяргаўся ўжо 140 мільёнаў гадоў, але ўжо само яго існаванне дае геафізікам магчымасць зразумець, як шмат магмы можа назапасіцца пад зямной карой і вылівацца на паверхню.

«Геафізычныя дадзеныя з масіва Таму дэманструюць, што гіганцкія вулканы, знойдзеныя на іншых планетах Сонечнай сістэмы маюць стрыечных братоў тут на Зямлі. Зямная разнастайнасць вулканаў дрэнна вывучаная, паколькі гэтыя монстры знайшлі лепшае месца, дзе схавацца - дно мора», - гаворыцца ў артыкуле.

Масіў Таму размешчаны ў 1,5 тысячы кіламетраў на ўсход ад Японіі, у раёне дзе сыходзяцца тры тэктанічныя пліты. Вынікі бурэння дна ў гэтым раёне паказвалі, што яно складаецца з лававых адкладаў, але навукоўцы лічылі, што тут можа быць некалькі вулканаў, і лававыя патокі ад іх накладваліся адзін на аднаго, як гэта адбываецца на Гавайскіх астравах і ў Ісландыі.

Аднак сейсмічнае зандаванне дна, праведзенае групай Сэгера, паказала, што ўсе лававыя патокі зыходзілі з адной кропкі. Гэта паказвала на існаванне адзінага цэнтральнага жарала, а значыць, геафізікі мелі справу з адзіным вулканам. Вулкан Таму адносіцца да класа шчытавых вулканаў - вельмі вялікіх па плошчы і з вельмі спадзістымі схіламі. Самы вялікі шчытавы вулкан - гавайскі Маўна-лоа - мае дыяметр не больш за 100 кіламетраў.

Нагадаем, у мінулым годзе еўрапейскія і новазеландскія геолагі выявілі паблізу ціхаакіянскіх астравоў Тонга падводны вулкан.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках