4 траўня 2024, Субота, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкія навукоўцы разгадалі сакрэт Лукашэнкі

64
Нямецкія навукоўцы разгадалі сакрэт Лукашэнкі

Палітолагі высветлілі, на якіх трох кітах трымаецца ўлада дыктатараў.

Яны адказалі на пытанне пра тое, якія аўтарытарныя метады выкарыстоўваюцца ў Расеі, а таксама ў чым асаблівасці беларускага палітычнага рэжыму, перадае Deutsche Welle.

Амаль кожная другая краіна свету з'яўляецца аўтакратыяй. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Навуковага цэнтра сацыялагічных даследаванняў Берліна (WZВ). Яны правялі даследаванне на тэму: «Крытычныя моманты і спосабы выжывання дыктатур. Чым патлумачыць стабільнасць аўтарытарных рэжымаў». Палітолагі аналізавалі аўтарытарныя рэжымы ў 137 дзяржавах свету, якія існавалі за апошнія 60 гадоў.

Сярод доследных краін, па словах кіраўніка навуковага праекта прафесара каларадскага ўніверсітэта ў ЗША Крыстафа Штэфеса (Christoph Stefes), былі «абсалютныя манархіі, ваенныя рэжымы, аднапартыйныя дзяржавы, а таксама краіны, у якіх хоць і ёсць некалькі партый, але вынік выбараў вядомы загадзя».

Тры кіта аўтарытарных рэжымаў

Навукоўцы высветлілі, што ўсе аўтарытарныя рэжымы трымаюцца на «трох кітах»: легітымацыі, рэпрэсіях і кааптацыі. Кааптацыя, падкрэсліваюць яны, уяўляе сабой феномен, пры якім рэжым прапануе групе насельніцтва стаць часткай кіруючага апарата і атрымаць ад гэтага выгаду. Фармаванне падобнай эліты ўмацоўвае ўладу дыктатара. Зрэшты, па словах Крыстафа Штэфеса, гэты фактар - самы нязначны з трох названых вышэй.

Значна большае значэнне маюць рэпрэсіі, якія нямецкі палітолаг падзяляе на два віды: мяккія і жорсткія. Жорсткія рэпрэсіі, такія як арышты, катаванні, забойствы або выкраданне людзей, з'яўляюцца для дыктатараў палкай аб двух канцах, падкрэслівае Крыстаф Штэфес. З аднаго боку, яны ўзмацняюць пачуццё страху ў падначаленых і прымушаюць іх слухацца. З іншага боку, жорсткія рэпрэсіі могуць заахвоціць апазіцыянераў паўстаць на барацьбу з рэжымам.

Рэпрэсіі ў Расеі і Беларусі

У якасці прыкладу прымянення мяккіх рэпрэсій Крыстаф Штэфес прыводзіць Расею. У гэтай краіне хоць і бываюць выпадкі разгону дэманстрацый і арышту апазіцыянераў, але часцей за ўсё падаўленне іншадумства адбываецца ў прыхаванай форме, кажа ён. «Напрыклад, на непажаданых журналістаў падаюць скаргі ў суд за абразу гонару і годнасці, а праціўнікаў сістэмы душаць падатковымі праверкамі», - распавёў нямецкі палітолаг.

«Незвычайна стабільным» палітолаг называе аўтарытарны рэжым у Беларусі, дзе з 1994 года ва ўладзе знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Крыстаф Штэфес тлумачыць даўгалецце беларускай аўтакратыі так: «Прыватызацыя не дасягнула ў гэтай краіне такога ўзроўню, як у іншых былых рэспубліках СССР. Гэта дае магчымасць уладам кантраляваць большую частку насельніцтва». Характэрным для беларускага рэжыму, па яго словах, з'яўляецца тое, што за час кіравання Лукашэнкі не адбылося ні змены элітаў, ні змены тыпу дыктатуры.

Легітымацыя як ключ да поспеху

Даследаванне паказала, што для захавання аўтарытарнай сістэмы важна, каб яе лічылі легітымнай. У дэмакратычных дзяржавах у якасці сродку легітымацыі звычайна выкарыстоўваюцца ўсеагульныя выбары. Дыктатары ж самі павінны паклапаціцца пра тое, каб узаконіць сваю ўладу.

Адным са спосабаў забеспячэння легітымнасці рэжыму з'яўляюцца заклікі да пачуцця нацыянальнага гонару ў насельніцтва, якія выкарыстаў, напрыклад, сербскі кіраўнік Слабадан Мілошавіч. Другі спосаб - камуністычная ідэалогія, якую ўкараняў у Камбоджы дыктатар Пол Пот. Фідэль Кастра камбінаваў абодва гэтыя сродкі. Ён разыгрываў нацыяналістычную карту, прадстаўляючы ЗША ў вобразе ворага Кубы, і прывіваў народу камуністычныя погляды.

Трэці сродак надання рэжыму легітымнасці - абяцанні эканамічнага росту - выкарыстоўвае Камуністычная партыя Кітая. Крыстаф Штэфес меў магчымасць асабіста пераканацца ў тым, наколькі ён дзейсны. Калі палітолаг чытаў лекцыі ў Кітаі, ён спытаў студэнтаў, як яны паставіліся б да ўстанаўлення ў іх краіне дэмакратыі і шматпартыйнай сістэмы. «Гэта б дэстабілізавала сітуацыю», - такі быў адказ навучэнцаў.

Сцэнары падзення дыктатур

Аўтарытарны рэжым абапіраецца на тры калоны. Варта адной з іх пахіснуцца, і рэжым можа абрынуцца. Гэта можа адбыцца, калі змучаны рэпрэсіямі народ паўстане на барацьбу з рэжымам ці калі пасля смерці дыктатара не будзе вырашанае пытанне аб яго пераемніку.

Яшчэ адзін магчымы сцэнар падзення дыктатуры можа наступіць, калі кааптацыя перастане забяспечваць удзел у кіраванні краінай, а будзе толькі спрыяць росту карупцыі. У сярэднім, па дадзеных Крыстафа Штэфеса, дыктатуры трымаюцца каля дваццаці гадоў. Зрэшты, як прызнае палітолаг, прадказаць, калі ўпадзе той ці іншы аўтарытарны рэжым, з дапамогай вынікаў аднаго даследавання немагчыма.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках