5 траўня 2024, Нядзеля, 2:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зоркі Байнэта Зоя і Валера выправіліся скараць «Хвіліну славы»

21
Зоркі Байнэта Зоя і Валера выправіліся скараць «Хвіліну славы»

На здабытак у мільён расейскіх рублёў плануюць купіць новы дом або ўкласці ў сольную кар'еру.

Тэлефон зорак інтэрнэту дагэтуль скаланаецца. Ім тэлефануюць прадусары, рэжысёры і журналісты з крэатыўнымі прапановамі. Зоя з Валерам паспяхова спяваюць на вечарынах у алігархаў, дзелячы сцэну з расейскімі артыстамі.

Здавалася б, жыццё беларускіх народных артыстаў з правінцыі зладзілася. Але Зоя з Валерам на гэтым не спыняюцца. І зноў едуць у Маскву, каб зарабіць мільён, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Як прыйшла ідэя паехаць на «Хвіліну славы»?

- Ды не было ніякай ідэі. Нам тэлефанавалі ўвесь ліпень і ўпрошвалі ўзяць удзел у кастынгу ў «Хвіліне славы». А мы ім і кажам: не трэба ніякай нам славы, мы такія славутыя, што няма куды падзецца ад гэтага ўжо, - смяецца Зоя. - І ў канцы ліпеня яны нас «перамаглі». Мы паляцелі ў Маскву. Усе выдаткі на сябе ўзяло Астанкіна.

- Вы ў Астанкіне ўжо былі 4 разы. Вас там, напэўна, пазнаюць?

- Так, вітаюцца нават. Мы там як свае. На вакзале ў Маскве гэтым разам прайсці не давалі, у аэрапорце нас абдымалі і цалавалі абсалютна незнаёмыя людзі, фатаграфаваліся, прызнаваліся ў каханні.

- Якую песню вы прадстаўлялі ў перадачы?

- Ну якую ж яшчэ! «Куру!». Я дык не хацела яе спяваць, абкурылася я (смяецца. - Аўт.)... Але спрачацца з вялікімі людзьмі не стала.

- Колькі часу доўжыўся кастынг?

- Дома нас не было пяць дзён. Сам кастынг доўжыўся тры дні ў тры этапы. Першы этап - пастановачны, нам трэба было ўкласціся ў тры хвіліны эфіру. Толькі з трэцяга разу атрымалася. Другі - праспяваць перад уяўным журы. А трэці этап - гэта ўжо здымкі. Запрасілі масоўку, вядоўцу, паклікалі знакамітых людзей у журы. Мяне адзелі ў сукенку, у якой я выглядала больш складзістай. Далі кухонны фартух. На сцэне паставілі стол з крэсламі. Зрабілі нам звыклую хатнюю абстаноўку. Засэрвавалі пад чаяванне. Валеру далі гармонік. Я гарбаты сербанула, і як за-спя-ва-ла-а...

- Хто вас судзіў у журы?

- Ну, як заўсёды, старшыня журы - Маслякоў. З ім былі актрыса Алена Якаўлева, Ларыса Гузеева з перадачы «Давай пажэнімся» і дзевяціразовая чэмпіёнка ў гімнастыцы. Ой, забылася, як яе завуць.

- Не страшна было выступаць перад вялікай аўдыторыяй і знакамітым журы?

- Мы ўжо звыклі. Бачыла я расейскіх зорак жыўцом, спявала з імі нават на адной сцэне. Для мяне чалавек - ён і ёсць чалавек. А які ягоны ранг - гэта ўжо другая справа.

- А дзе вы выступалі з зоркамі ?

- А вы не бачылі гэтага ? - здзівілася Зоя. - Мы былі на дні нараджэння ў сябра Андрэя Малахава - алігарха. Там спявалі Ратару, Алеграва, бубначы паказвалі сваё шоў. Мы праспявалі пяць песень. «Куру» выканалі на біс. Сотня гасцей здымала нас на мабільнікі. Ксенія Сабчак з Малахавым вяла свята. Яна нават пра нас пісала ў інтэрнэце (у «Інcтаграме» ў Сабчак ёсць супольнае фота з подпісам: «Новая мода - запрашаць на шыкоўныя дні нараджэння Зою і Валеру з інтэрнэту. - Рэд.).

- Як журы рэагавала на ваш выступ?

- Калі мы пачалі спяваць, убачылі два чырвоных сігналы, яны азначалі «не». Але да канца даспяваць далі, і на гэтым дзякуй. Гузеева і фігурыстка былі супраць таго, каб нас прапусцілі ў другі тур. Алена Якаўлева спантанна так спытала мяне: ці хачу я бычка? І падказала, што калі перамагу ў конкурсе, то падорыць. Гузеева сказала, што хацела б пасядзець з намі на нашай кухні. Мы яе запрасілі ў госці. Масляковым падарылі беларускіх цукерак. Нас з Валерам пыталіся, як мы дамагліся славы ў інтэрнэце. Гутарылі з намі вельмі доўга. Шмат што, думаю, выражуць з эфіру, - з веданнем справы кажа Зоя. - Нават вядоўца Аляксандр Алешка пачаў журы прыспешваць: маўляў, вызначайце хутчэй з ацэнкамі. І Маслякоў нас прапусціў у другі тур са словамі: ну што нам шкада хіба?! Праходзьце!

- Узрадаваліся?

- Мы былі гатовыя і да краху. Ды радая, вядома. Гэта наш першы вялікі конкурс.

- Вы былі адзінымі прадстаўнікамі Беларусі на «Хвіліне славы»?

- Так, нас было ўсяго 8 камандаў. А прапусцілі толькі тры. Удзельнікі прыехалі з Гішпаніі, Кубані, Казахстана, Валгаграда, Петэрсбурга ды іншыя. Мы адзін аднаго падтрымлівалі, хоць і канкурэнты. Цікава было, што кубанскія песні спявалі мурыны. Хацелі вызначыцца.

- Валера зноў з працы адпрошваўся для выправы ў Маскву?

- Ён звольніўся яшчэ ў чэрвені. Яму ж і раней казалі: ідзі ў культуру працуй. Ні адно прадпрыемства не будзе трываць такога токара. Ён павінен быць кожны дзень на працы. Напісаў заяву і не шкадуе аб гэтым. Пражывем і прахарчуемся. Заробім на мясцовых канцэртах і вяселлях. Плацяць няблага.

- Галоўны прыз у «Хвіліне славы» - 1 мільён расійскіх рублёў. Калі здабудзеце, як выдаткуеце?

- Купім дом! У нас жа з Валерам адзін на дваіх. А можа, і запяем на вялікай сцэне. Будзе відаць.

- Што будзеце рыхтаваць для выступу ў другім туры?

- Ён неўзабаве, у лістападзе. А ў снежні - фінал. Думаю, праспяваем нешта з свайго аўтарскага. Можа, пра каханне. Над гэтым трэба добра падумаць.

- Яшчэ ў мінулым годзе вашы дзеці і ўнукі былі супраць таго, каб вас турбавалі журналісты, і вы ездзілі на канцэрты, а цяпер?

- Яны баяліся за здароўе, якое дрэннае ў мяне. А цяпер ганарацца намі. Унукі толькі пытаюцца: «Бабуля, а куды ты цяпер едзеш і ці надоўга?».

- У Маскву еду працаваць і надоўга, - кажу я ўнукам. - Мы ім дапамагаем як можам.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках