Гандбалісты БГК перамаглі «Макабі» ў першым матчы Кубка TUA
6- 8.09.2013, 11:52
- 6,313
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова зрабіў першы крок да выхаду ў другой кваліфікацыі розыгрышу Кубка ЕГФ.
У стартавым матчы 1-га раўнда кваліфікацыі на пляцоўцы брэсцкага спарткомплексу «Вікторыя» гаспадары абыгралі ізраільскі «Макабі» з Рышон-ле-Цыён з лікам 26:19 (16:11). Самымі выніковымі у складзе берасцейцаў апынуліся Дзмітрый Камышык, Давід Шпілер і Вячаслаў Шумак, якія закінулі па 4 мячы, паведамляе БелТА.
Сёння супраціўнікі сустрэнуцца зноў на той жа арэне. Для БГК гэта ўжо 11-ы выхад на еўраарэне і пяты ў Кубку ЕГФ, які з'яўляецца другім па рангу пасля Лігі чэмпіёнаў.
Да гэтага года ў Кубку ЕГФ каманда правяла 18 матчаў, атрымаўшы 11 перамог, аднойчы згуляўшы ўнічыю і пацярпеўшы 6 паражэнняў пры розніцы мячоў - 518-471.
Усяго ў еўрапейскіх кубкавых турнірах БГК сыграў 58 сустрэч (24 перамогі, 3 нічые, 31 паражэнне; розніца мячоў - 1588-1620). Лепшае еўракубкавае дасягненне пакуль датуецца сезонам 2011/2012, калі берасцейцы дабраліся да чвэрцьфіналу Кубка ўладальнікаў кубкаў.