Леанід Злотнікаў: Пералом 2013 года ўладам не выправіць
33- 2.01.2014, 11:28
- 52,083
Хіба што пазычыць яшчэ грошай. Іншых варыянтаў няма.
Кандыдат эканамічных навук, дацэнт Леанід Злотнікаў называе 2013 год пераломным годам, піша «Салiдарнасць».
- Усе адчулі спад у эканоміцы, - адзначае ён. - У 2011 годзе была дэвальвацыя і зніжэнне ўзроўню жыцця. Рэальная зарплата са студзеня па снежань у той год паменшылася на 15%. А пачынаючы з 2012 года, пачаўся высокі рост заробкаў. Ён перавышаў рост прадукцыйнасці працы, ВУП.
Мы вельмі моцна разагналіся, і для таго, каб гэта працягваць, трэба было вялікае паступленне валюты. А ў гэтым годзе паступленне валюты звонку было невялікім. Упершыню без дэвальвацыі рэальная зарплата беларусаў знізілася ў верасні 2013 года. І ўсе адчулі, што мадэрнізацыя не дае аддачы, што канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі стала настолькі нізкая, што не дазваляе разгрузіць склады. Ніколі раней такога не здаралася, каб не былі загружаныя рабочыя на буйных прадпрыемствах.
На думку эксперта, у 2013 годзе наступіў пералом, які невядома як выправіць.
- Хіба што заняць грошай і падтрымаць узровень жыцця. Іншых варыянтаў пакуль няма, - кажа Леанід Злотнікаў. - Хоць і стала горш у эканоміцы, не хапае валюты, усё роўна кіраўнік дзяржавы не ідзе на прыватызацыю... Мы адчулі, што далей так жыць нельга, але ўсё роўна працягваем жыць без пераменаў. Хоць эканоміка ўжо не пацягне той узровень жыцця, які склаўся.