18 траўня 2024, Субота, 19:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая дэвальвацыя - пытанне некалькіх месяцаў

142
Новая дэвальвацыя - пытанне некалькіх месяцаў

Эксперты адзіныя ў меркаванні, што для закладзенага ў бюджэт аптымізму няма падставаў.

Нездавальняючы ў гэтым годзе знешні гандаль, хутчэй за ўсё, будзе праблемным і ў 2014-м. Без балючых лекаў тут не абысціся, пішуць «Беларускія навіны».

Адыходзячы год рызыкуе запомніцца ці ледзь не рэкордным дэфіцытам знешнегандлёвага сальда і рахунку бягучых аперацый.

Так, адмоўнае сальда ў знешнім гандлі ў студзені-кастрычніку 2013 года (паводле метадалогіі плацежнага балансу) склала 712,1 млн даляраў. Прагноз Мінэканомікі паводле вынікаў года - мінус 2 млрд 165,6 млн З лікам бягучых аперацый яшчэ горшы: на канец года прагназуецца дэфіцыт больш за 6 млрд даляраў.

У прыватнасці, па знешнім гандлі ўдарыла вымушаная адмова ад рээкспарту растваральнікаў і разбавіцеляў з расейскай нафты, які прыносіў шалёныя даходы ў 2012 годзе. Сваю ролю адыгралі падзенне на традыцыйных рынках збыту беларускіх тавараў - у Расеі і Еўразвязе - і вядомыя праблемы з калійным экспартам з прычыны аднайменнай «войны».

Акрамя таго, рост заробкаў, не падмацаваны павелічэннем прадукцыйнасці працы, спрацаваў як відэлец: вырас попыт на імпарт і адначасова ўпала прыбытковасць экспарту праз павелічэнне выдаткаў на працу.

У бюджэт на 2014 год закладзены рост экспарту на 12,2% у параўнанні з тым, што ўлады прагназуюць згодна з фактычным на гэты год. Пры гэтым Мінфінансаў не хавае: у праект бюджэту «закладзеныя аптымістычныя чаканні ў аднаўленні рынку калійных угнаенняў, прыбытковасці экспарту і фарміраванні прыбытку ад імпарту ў рамках Мытнага саюза».

Потым зноў перагледзяць

Эксперты адзіныя ў меркаванні, што для закладзенага ў бюджэт аптымізму няма падставаў. Асабліва на фоне таго, што выхад з рэцэсіі асноўных рынкаў збыту беларускіх тавараў не прагназуецца.

«Адзінае, пра што можна казаць больш-менш упэўнена, гэта тое, што, хутчэй за ўсё, калійны рынак будзе злёгку аднаўляцца, гэта значыць паводле аб'ёмаў там рост будзе», - адзначае эканаміст Сяргей Чалы.

На думку эксперта ў эканоміцы Антона Болтачкі, нават надзеі на калійны экспарт слаба апраўданыя: «Яны закладваюць для калійных угнаенняў продажы ў памеры 6,6 мільёна тон пры тым, што апошнія два гады мы прадавалі не больш за чатыры».

Болтачка параўноўвае гэты прагноз з планам паводле росту ВУП на 2013 год у памеры 8,5% (пры рэальных лічбах менш за 1%): «З аднаго боку, прыемна глядзець, а з другога - гэты паказчык досыць утапічны».

«Дасягнуць гэтых паказчыкаў будзе цяжка і, хутчэй за ўсё, план будзе скарэктаваны да канца года. Наш бюджэт карэктуецца, ні для каго гэта не сакрэт», - адзначае эксперт.

Са слоў Сяргея Чалага, асноўнымі запланаванымі драйверамі росту экспарту, акрамя калію, павінны стаць сельская гаспадарка і малочная прамысловасць.

«У прынцыпе, тэарэтычна гэта магчыма, але мы ж бачым, што ёсць спробы нарошчваць экспарт такім чынам, калі ў гарадах складана было айчыннае малако знайсці. Гэта значыць коштам агалення ўнутранага рынку, бо нарошчвання вытворчасці не прадбачыцца», - тлумачыць Чалы.

Нафту атрымаем, але якім коштам?

Не ў апошнюю чаргу беларускі экспарт залежыць ад аб'ёму перапрацаванай на айчынных НПЗ нафты, а значыць - ад аб'ёму яе паставак.

Апошнія навіны з фронту ўзгаднення нафтавага балансу на наступны год паведамляюць аб тым, што пазіцыі старон са скрыпам, але сыходзяцца. Беларусь запытвала 23 млн тон і гадавы баланс, але вымушаная была пагадзіцца на кампрамісны варыянт - 11,5 млн тон на працягу першага паўгоддзя, а там відаць будзе. Пры гэтым варта памятаць, што раней Расея заяўляла пра намер выдзеліць Беларусі толькі 21 млн тон нафты.

Зразумець можна абедзве стараны: Менск зацікаўлены ў стабільнасці і выкананні прагнозаў паставак, Масква - у захаванні зручнага інструмента прымусу ўпартага саюзніка да патрэбных рашэнняў (дарэчы, ужытага ў адыходзячым годзе: пасля калійнага канфлікту Беларусь недаатрымала амаль 3 млн тон нафты з прычыны перагляду Расеяй планаў паставак).

Паводле звестак эканамічнай аглядальніцы Таццяны Манёнак, умовы ўзгаднення патрэбных Беларусі аб'ёмаў даўно вядомыя: «Пры абмеркаванні аб'ёмаў паставак нафты на будучы год Расейская Федэрацыя нагадала аб рэалізацыі пяці інтэграцыйных праектаў. У дастаткова жорсткай форме было сказана, што аб'ёмы гэтых паставак будуць залежаць ад таго, наколькі паспяхова будуць гэтыя праекты рэалізаваныя».

Гаворка ідзе аб прамысловай інтэграцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў з расейскімі. Двойчы аб гэтым за апошні месяц казаў незадаволены зацягваннем аб'яднання МАЗа і КамАЗа расейскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў. Віцэ-прэм’ер расейскага ўрада Аркадзь Дварковіч аддае перавагу іншай формуле, раз за разам паўтараючы, што ўзгадненне нафтавага балансу «будзе залежаць ад усяго комплексу адносін».

Улічваючы, што аб'ём паставак нафты на першае паўгоддзе ўжо ўзгоднены і складае роўна палову ад запытанага Менскам, можна сказаць, што стораны не зацікаўленыя даводзіць сітуацыю да канфлікту.

«Да сярэдзіны года трэба ўжо дакументы адносна Еўразійскага саюзу рыхтаваць, ужо не да гэтага будзе», - адзначыў Сяргей Чалы.

Горкай мікстуры не пазбегнуць

Улада ўжо абвясціла, што паляпшаць знешнегандлёвае сальда плануе барацьбой з імпартам. Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў паабяцаў стрымаць наплыў імпартных тавараў, «рост якіх не павінен перавысіць 4,5%».

Для гэтага ў праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год плануецца ўсталяваць лімітную дзель імпартнага складніка ў кошце вырабленай прадукцыі (60%), увесці паказчык зніжэння імпартаёмістасці прадукцыі і росту экспарту ў сістэму ацэнкі працы кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўкараніць гнуткую сістэму цэнаўтварэння на айчынную прадукцыю (уключаючы правядзенне распродажу тавару, які не карыстаецца попытам).

Акрамя таго, Мінфінансаў разлічвае на прыцягненне амаль 2 млрд даляраў ад прыватызацыі. У яе перспектывы не верыць Сяргей Чалы: «Гэта не інсайдэрскія ўгоды, калі бізнэс вядомы, пакупнік вядомы, гэта працяглы і нятанны працэс. За год такія ўгоды не робяцца».

Паўтара мільярда даляраў улады хочуць атрымаць шляхам знешніх і ўнутраных запазычанняў. Гэты план больш рэальны, мяркуе Антон Болтачка: «У насельніцтва досыць шмат замежнай валюты. І валютныя аблігацыі Мінфіна раскупляюцца, а калі не раскупляюцца, то прудэнцыйнымі мерамі распіхваюцца неабходным юрыдычным асобам».

Не варта забываць, што ўсе гэтыя інструменты пры ўдалым раскладзе дадуць бездэфіцытны плацежны баланс толькі ў выпадку павелічэння экспарту, якога незалежныя эканамісты не прагназуюць.

А значыць, прыйдзецца звяртацца да дадатковых мер для карэкціроўкі сітуацыі: змяншэнню валютных рэзерваў, якія і так растаюць на вачах; прыцягненню незапланаваных знешніх пазык, якія пакуль ніхто не хоча даваць, або штучным абясцэньваннем уласнага экспарту - дэвальвацыі.

Апошні шлях лічыць непазбежным Сяргей Чалы. Зразумела, што ніхто не хоча гэтага, але іншага выйсця проста няма. Прычым, хутчэй за ўсё, гэта пытанне ўжо лічаных месяцаў», - робіць несуцяшальную выснову эксперт.

Напісаць каментар 142

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках