Патрушаў прапанаваў Кітаю перакроіць «геаэканамічную карту» свету
- 13.10.2026, 3:24
Памочнік дыктатара РФ выклаў пазіцыю Крамля кіраўніку МЗС Кітая.
Памочнік дыктатара РФ і старшыня Марскай калегіі Мікалай Патрушаў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Кітая Ван І у Пекіне прапанаваў Расіі і Кітаю аб’яднаць намаганні ў развіцці марскіх транспартных калідораў, каб зрабіць гандаль танней і абараніць яго ад вайсковай эскалацыі, пірацтва і санкцый. «Развіваючы гэтыя ініцыятывы, нашы краіны здольныя змяніць сусветную геаэканамічную карту, зрабіўшы марскі гандаль больш танным, больш даступным і абароненым ад любых рызык, у тым ліку вайсковай эскалацыі, пірацтва і санкцый», — перадае Марская калегія словы Патрушава.
Патрушаў дадаў, што растучы гандаль паміж дзвюма краінамі патрабуе надзейных транспартных маршрутаў, а пашырэнне энергетычнага супрацоўніцтва — устойлівых лагістычных ланцужкоў. Расія, адзначыў ён, мае развітую партавую інфраструктуру і досвед суднаходства ў паўночных марах, тады як Кітай валодае магутнасцямі ў суднабудаванні і лагістыцы, а таксама досведам арганізацыі марскога гандлю.
Паводле даных Марскай калегіі, расійская дэлегацыя таксама правяла чатырохдзённыя перамовы з міністрам транспарту і намеснікам міністра прамысловасці і інфарматызацыі краіны, а таксама з кіраўніцтвам Шанхайскага транспартнага ўніверсітэта. Паводле Патрушава, раней Уладзімір Пуцін паставіў перад Марскай калегіяй задачу развіваць узаемавыгаднае партнёрства з замежнымі краінамі ў марской сферы.
Візіт Патрушава ў Кітай праходзіць з 8 па 13 кастрычніка. Пра яго будучыя перамовы з Ван І 7 кастрычніка паведаміла кітайскае Міністэрства замежных спраў, не раскрыўшы тэм абмеркавання.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Кітай стаў найбуйнейшым пакупніком расійскай нафты, якую Масква прадае яму са зніжкай. Паводле кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына, доля расійскай нафты ў кітайскім імпарце ў верасні дасягнула рэкордных 27%, а пастаўкі перавысілі 100 млн тон у год. Пры гэтым дамовіцца аб будаўніцтве газаправода «Сіла Сібіры — 2», які павінен дапамагчы «Газпраму» замяніць страчаны еўрапейскі рынак, Маскве і Пекіну пакуль не ўдалося. Паводле South China Morning Post, перамовы прыпыніліся праз рознагалоссі адносна цаны на газ — Кітай дамагаецца кошту газу на ўзроўні ўнутраных расійскіх цэн, тады як Масква прапануе арыентавацца на ўмовы паставак па «Сіле Сібіры-1».