12 кастрычнiка 2026, панядзелак, 9:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знішчыць Мінотаўра

1
Знішчыць Мінотаўра
Віталь Портнікаў

Хопіць спрачацца, што трэба Пуціну.

Мінотаўр, крыцкая пачвара з галавой быка і тулавам чалавека, дзевяць гадоў пажыраў сем юнакоў і сем дзяўчат з Афін.

Насамрэч у сваім вечным зняволенні ў мудрагелістым лабірынце, збудаваным крыцкім каралём Міносам для гэтага плоду пералюбства жонкі з чарадзейным белым быком, ён зусім не прагнуў іх есці. А нават калі б і жадаў, наўрад ці мог бы пра гэта паведаміць, бо з Мінотаўрам асабліва ні пра што не размаўлялі.

Гэты закладнік Міноса быў сімвалам яго ўлады над пераможанымі Афінамі. Кожны раз, калі Афіны адпраўлялі на Крыт чарговы карабель з ахвярамі, яны прызнавалі гэтую ўладу самым жорсткім з магчымых спосабаў.

У саміх Афінах усе гэтыя гады не сціхалі палітычныя дыскусіі. Адны казалі, што трэба пазбавіцца ад караля Эгея і ўсёй яго дынастыі. Бо менавіта кароль Эгей быў вінаваты ў смерці сына крыцкага караля Андрогея, і раз'юшаны бацька помсціў Афінам за смерць свайго спадкаемца. І калі не будзе Эгея, не будзе каго вінаваціць у смерці Андрогея і не будзе матываў для помсты.

Іншыя спрабавалі паўплываць на кадравую палітыку. Хтосьці заклікаў адпраўляць на Крыт самых прыгожых дзяўчат і юнакоў, каб іх хацелася не з'есці, а падзяліць з імі пасцель. Іншыя, наадварот, лічылі, што адпраўляць трэба пачвараў: так Крыт не атрымае маральнага задавальнення ад ахвяры і ўрэшце адмовіцца ад сваіх прэтэнзій.

І толькі Тэсей, калі з'явіўся ў родных Афінах, вырашыў забіць Мінотаўра. І забіў. Дарэчы, міф не кажа, што Тэсей шукаў смерці Міноса, хоць у крыцкім каралі і заключалася ўся праблема. Але Тэсей, вялікі герой, зразумеў, што ліквідацыя сімвала агрэсіі пазбавіць варожы рэжым самай магчымасці яе працягваць. Хрэстаматыйны міф пераважна засяроджаны на смерці Мінотаўра і на каханні Тэсея і дачкі крыцкага караля Арыядны. Але ў міфалогіі ёсць выразнае растлумачэнне адносна будучыні Міноса. Крыцкі кароль загінуў, калі парушыў мірную дамову з Тэсеем, бо быў пакараны адным з галоўных багоў грэцкага пантэона Пасейдонам, марскім братам Зеўса.

Аўтар міфа яшчэ тады ўсвядоміў, што агрэсар без сімвала агрэсіі, без сваёй сілы (як цяпер сказалі б, без рэсурсу вайны) доўга не пражыве. І гэта ўрок на тысячы гадоў.

Таму хопіць спрачацца, што трэба Пуціну, каб ён закончыў вайну супраць Украіны: руская мова, Царква, Данецкая вобласць або адмаўленне ад НАТА.

Нічога яму не трэба, апроч нас. Да 2014 года Украіна была пазаблочнай дзяржавай з рускай мовай у рэгіёнах, рускай Царквой і з апазіцыяй большай часткі насельніцтва да еўраатлантычнай інтэграцыі. Гэта не замінала расійскаму парламенту прымаць пастанову аб расійскім статусе Севастопаля, расійскаму кіраўніцтву падтрымліваць прарасійскага прэзідэнта Крыма, сепаратыста Юрыя Мешкова, і рыхтаваць анексію паўвострава. Гэта не спыніла падзеі вакол Тузлы і энергетычны шантаж Украіны (зусім не толькі за часоў Юшчэнкі). Такой, як цяпер, Украіна стала нават не пасля нападу ў 2014 годзе, а толькі пасля нападу ў 2022-м. Нават пасля 2014 года велізарная колькасць нашых суайчыннікаў працягвала пераконваць, што «не ўсё так адназначна», галасаваць за прарасійскія і папулісцкія сілы і распавядаць, што «гэта ўсё палітыкі». Навошта Расіі з яе велізарным уплывам на Украіну трэба было нападаць на нас?

Можа, таму, што Расіі трэба было паглынуць Украіну, а не суіснаваць з ёй?

Таму шукаць, чым бы задаволіць Мінотаўра, калі галоўная мэта — ваша ўласная пакорлівасць і смерць, справа марная. Вы можаце знайсці сабе гатовага да кампрамісаў караля (здаецца, у 2019 годзе так і знайшлі), а былога ўсе разам скінуць са скалы пад шчаслівы рогат. Вы можаце адпраўляць на Крыт не па сем юнакоў і дзяўчат, а па дзесяць. Вы можаце перастаць гаварыць, як у Афінах, і паспрабаваць гаварыць, як на Крыце. Вы можаце адмовіцца ад ахвяр Афіне на карысць Зеўса або Пасейдона: можа, яны вас абароняць. І вы можаце проста марыць, што калі Мінос памрэ, усё адразу зменіцца.

Але вам нічога не дапаможа, пакуль вы не знішчыце Мінотаўра.

Віталь Портнікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲