23 кастрычнiка 2021, Субота, 19:51
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Гуркоў стаў чэмпіёнам свету ў муай-тай

33

Беларус выйграў бой за тытул чэмпіёна ў версіі WBC у Кема Сітсангпіінонга з Тайланда.

Сустрэча паміж спартоўцамі прайшла 25 студзеня 2014 у італійскім Мілане. Усяго падчас турніру адбылося 14 паядынкаў, але бой паміж беларусам і тайцам стаў яго галоўнай падзеяй. Турнір пачаўся а 18:30 і працягваўся амаль да 2 гадзін ночы паводле мясцовага часу, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

Фота: charter97.org

Беларусы прыехалі ў Мілан падтрымаць свайго суайчынніка. На трыбунах быў разгорнуты велізарны бел-чырвона-белы сцяг. Таксама сярод гледачоў было прыкметна шмат невялікіх нацыянальных сцягоў.

Паядынак працягваўся на працягу пяці раўндаў. У першым беларускі спартовец дапусціў шэраг памылак, аднак праз некаторы час узяў сябе ў рукі і годна супрацьстаяў апаненту. Віталь Гуркоў выйграў бой з мінімальнай перавагай.

Адзначым, што Кем Сітсангпіінонг з'яўляецца ветэранам муай-тай. І, са слоў трэнера беларускага спартоўца Дзмітрыя Пясецкага, гэта рабіла апанента толькі больш небяспечным, бо асноўны свой досвед гэты баец набыў у Тайландзе. Гуркоў і Кем ужо сустракаліся, праўда не на прафесійным рынгу, а на аматарскім - у рамках IFMA чэмпіянату свету ў тайскім боксе-2012, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Тады перамогу здабыў беларус, які ў выніку стаў срэбным прызёрам ЧС, у спрэчным фінальным паядынку саступіўшы спартоўцу з Расеі.

У турніры ў Мілане ўзялі ўдзел байцы з Францыі, Англіі, Тайланда, Ірландыі, Гішпаніі, Камбоджы і Беларусі.