6 траўня 2024, панядзелак, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Правы сектар Майдана вылучыў свае патрабаванні да ўладаў (Відэа)

19

Лідары «Правага сектара» вылучылі ўладзе свае патрабаванні, сярод якіх - канстытуцыйная рэформа і вызваленне ўсіх затрыманых актывістаў.

Пра гэта лідары руху, які ўзяў на сябе адказнасць практычна за ўсе сілавыя акцыі падчас апошніх пратэстаў, заявілі ўвечары 27 студзеня, піша Алена Белазерская ў сваім LiveJournal, піша «Украинская правда».

Так, лідар Правага сектара і правадыр арганізацыі «Трызуб» ім. Сцяпана Бандэры Дзмітрый Яраш заявіў, што боязь апазіцыйных лідараў «весці Рэвалюцыю» абавязвае яго «ўзяць на сябе адказнасць за рэвалюцыйны працэс».

Сярод асноўных мэтаў ён назваў поўную «перазагрузку» ўлады, «роспуск і забарону антыдзяржаўных партый і груповак», рэфармаванне юстыцыі, праваахоўных органаў, спецслужбаў.

Для пачатку ўрэгулявання сітуацыі «Правы сектар» ставіць такія ўмовы:

1) правесці канстытуцыйную рэформу;

2) спыніць сілавыя дзеянні з боку ўлады;

3) аб'явіць поўную амністыю, а менавіта, вызваліць усіх без выключэння ўдзельнікаў пратэстных акцый і закрыць усе крымінальныя справы і вытворчасці;

4) прыцягнуць да адказнасці ўрад Азарава;

5) перафарматаваць ЦВК;

6) адмяніць усе законы, прынятыя 16-га студзеня, што абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян;

7) перафарматаваць спецпадраздзяленне «Беркут» і стварыць якасна іншае спецпадраздзяленне МУС;

8) пакараць вінаватых у забойствах, здзеках і збіццях пратэстоўцаў;

9) знайсці зніклых актывістаў Майдана;

10) узаконіць існаванне спартыўна-патрыятычных арганізацый;

11) не дапусціць да ўлады палітыкаў, якія дыскрэдытавалі сябе падчас мінулага праўлення (напрыклад - Літвін).

Калі ўлада пойдзе на саступкі народу, Правы сектар «гатовы згортваць актыўную дзейнасць» па прынцыпе «саступка ў абмен на саступку».

А калі ўлады не пойдуць на саступкі 28 студзеня, Правы сектар мае пэўныя планы.

На пытанне пра ўзаемаадносіны з парламенцкай апазіцыяй Яраш адказаў: «Мы ўваходзім у Самаабарону і пастаянна каардынуем свае дзеянні з Андрэем Парубіем як камендантам Майдана, праводзім пэўныя сустрэчы з кіраўнікамі апазіцыйных партый. Я вельмі моцны праціўнік таго, каб Майдан калоць... Мы будзем і далей каардынаваць нашыя дзеянні з легальнай апазіцыяй».

У прэс-канферэнцыі таксама бралі ўдзел галоўны камандзір «Трызуба» Андрэй Сцямпіцкі і намеснік кіраўніка УНА-УНСО Мікалай Карпюк.

На думку Карпюка, «трэба адмаўляцца ад такіх паняццяў, як улада і апазіцыя», апазіцыя - «гэта таксама ўлада».

«Народны рух пад назвай «Правы сектар», які стыхійна пачаўся і перарос цяпер у маштабную агульнанацыянальную з'яву, - гэта ўжо асобная сіла. І мы выступаем за тое, каб у працэсе ўстанаўлення міру і перафарматавання будучага жыцця грамадства, устанаўлення новай структуры ўлады ўдзельнічаў Дзмітрый (Яраш)», - заявіў ён.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках