Новая авіябаза Расеі з'явіцца ў Бабруйску
44- 15.10.2014, 8:39
- 38,320
Расея стварае ў Беларусі другую авіябазу.
Яна павінна з'явіцца ў 2016 годзе ў Бабруйску. На авіябазе будуць размешчаныя знішчальнікі Су-27. Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы Вайскова-паветраных сілаў Расеі генерал-палкоўнік Віктар Бондараў, паведамляе ТАСС.
«Авіябаза ВПС Расеі ў Беларусі будзе створана ў 2016 годзе. Там будуць размяшчацца знішчальнікі Су-27», - сказаў Бондараў падчас трохдзённай паездкі на будоўлю аб'ектаў Вайскова-паветраных сілаў.
Ён адзначыў, што расейскія самалёты будуць размяшчацца на вайсковым аэрадроме, на рэканструкцыю якога ўжо падрыхтавана тэхнічнае заданне.
Раней Расея пастанавіла перакінуць на беларускі аэрадром Баранавічы авіяполк з 24 знішчальнікаў Су-27СМ3. У сярэдзіне жніўня Бондараў удакладніў, што расейскія ВПС гатовыя пачаць разгортванне авіябазы ў Баранавічах пасля заключэння міжурадавага пагаднення паміж краінамі.
Лукашэнкі 12 сакавіка прапанаваў размясціць на сваёй тэрыторыі краіны дадатковыя самалёты. У той жа дзень Масква прыняла пастанову аб перабазаванні расейскіх знішчальнікаў на аэрадромы Беларусі ў рамках рэалізацыі Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА. Так, на аэрадром Баранавічаў з Расеі перадыслакаваўся самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛА) А-50, а ў Бабруйск былі накіраваныя шэсць знішчальнікаў Су-27 і вайскова-транспартныя самалёты.
Цяпер на беларускай тэрыторыі размяшчаюцца і іншыя расейскія вайсковыя аб'екты: радыёлакацыйная станцыя «Волга», якая ўваходзіць у сістэму папярэджання аб ракетным нападзе, і вузел сувязі ВМФ.