3 кастрычнiка 2024, Чацвер, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы развіталіся з Міхаілам Марынічам

14
Беларусы развіталіся з Міхаілам Марынічам

Былы палітвязень пахаваны на Усходніх могілках Менска.

Сярод тых, хто прыйшоў на цырымонію развітання, якая прайшла ў рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага, былі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Казулін, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў і ягоны намеснік Андрэй Дзмітрыеў, галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч і шэф-рэдактарка выдання Святлана Калінкіна, кіраўнік каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Уладзімір Мацкевіч, прадстаўнік амбасады ЗША Крыстафер Паніка, кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Майра Мора, журналіст Аляксандр Тамковіч, старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, экс-старшыня Менгарвыканкама і былы прэм'ер-міністр Уладзімір Ярмошын, былы кіраўнік управы справамі Лукашэнкі Іван Ціцянкоў, кіраўнік перадвыбарчага штаба Лукашэнкі ў 1994 годзе Леанід Сініцын ды іншыя, піша БелаПАН.

Як адзначыў сын палітыка Ігар Марыніч, у 2001 годзе ягоны бацька, займаючы ў той момант пасаду амбасадара Беларусі ў Латвіі, прыняў пастанову ўдзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

«Трэба было дапамагчы краіне, і гэта быў ягоны свядомы выбар. Правільна ці няправільна яно было, цяжка меркаваць. Гісторыя пакажа, - сказаў Ігар Марыніч. - Але ён здзейсніў учынак, учынак мужчыны. Я заўсёды паважаў яго за гэта і падтрымліваў ва ўсім. Бацька заўсёды быў прыкладам, я заўсёды быў раўняўся на яго, калі прымаў нейкія пастановы».

Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што Міхаіл Марыніч быў «вельмі сумленны і прыстойны чалавек». «Подлы рэжым з так званым прэзідэнтам адабралі ў яго вялікую частку жыцця. Гэта чарговая ахвяра нашага рэжыму, - сказаў ён. - Гэта быў годны чалавек, які заўсёды кіраваўся сумленнем і прыстойнасцю і шчыра любіў Беларусь».

Уладзімір Мацкевіч адзначыў, што дагэтуль у Латвіі ўспамінаюць Марыніча як «найлепшага беларускага амбасадара і аднаго з найлепшых сярод усіх замежных паслоў у Латвіі». «Яго пасадзілі за ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі, і гэта быў знак кожнаму сумленнаму чыноўніку, што ён павінен альбо сысці, альбо не высоўвацца, - сказаў Мацкевіч. - Тое, што ён так рана пайшоў, гэта наступствы турэмнага перыяду, дзе яму падарвалі здароўе».

Уладзімір Ярмошын адзначыў, што пазнаёміўся з Марынічам на рэканструкцыі рамонтнага завода ў 1969 годзе. «45 гадоў мы сябравалі, сказаў ён. - Ён неяк і ў душы, і з выгляду заўсёды быў зварушлівы чалавек, заўсёды хацеў зрабіць лепш. Ён заўсёды прыходзіў на дапамогу».

Ярмошын нагадаў, што Марыніч працаваў намеснікам старшыні і старшынём Менгарвыканкама. «І мяне зацягнуў у гэты гарвыканкам», - сказаў ён. Гаворачы аб удзеле Марыніча ў выбарах, Ярмошын адзначыў: «Гэта ягоная была пастанова, Міша выбраў гэты шлях».

Экс-кіраўніка справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў падкрэсліў, што ведаў Марыніча як «надзвычай прыстойнага чалавека». «Ён заўсёды людзям дапамагаў і па-іншаму проста не мог. На ўсіх пасадах да справы ён ставіўся добрасумленна. Нікога ў жыцці не мог пакрыўдзіць і не пакрыўдзіў», - сказаў ён.

Уладзімір Някляеў адзначыў, што Марыніч быў «адным з самых светлых беларусаў, якіх даводзілася сустракаць». «Ён любіў жыццё, Беларусь і тых людзей, з якімі жыў побач». «Менавіта любоў да Беларусі, а не цяга да ўлады, прымусіла яго кінуць пасаду і пайсці супраць тых людзей, з якімі рабіў кар'еру. Менавіта дзеля любові да Беларусі ён гэта зрабіў», - сказаў Някляеў.

Пасля заканчэння цырымоніі развітання прайшло пахаванне Міхаіла Марыніча на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Менска.

***

Міхаіл Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 года ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, Менскі інстытут замежных моваў, Менскую вышэйшую партыйную школу. Ганаровы доктар эканамічных навук. Працаваў у будаўніцтве 16 гадоў, у тым ліку амаль тры гады - у Афганістане. З 1990 да 1991 - мэр Менска, у 1990-1994 гадах - дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання. У 1994 годзе прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам у Чэхіі і на сумяшчальніцтва - у Славакіі і Вугоршчыне. З 1994 да 1998 гады - міністр замежнаэканамічных сувязяў Беларусі. У 1999-2001 гадах - Надзвычайны і Паўнамоцны пасол у Латвіі і на сумяшчальніцтва - у Эстоніі і Фінляндыі.

Узначаліў грамадскую арганізацыю «Дзелавая ініцыятыва».

26 красавік 2004 года Міхаіл Марыніч быў арыштаваны. Прычынай гэтага стала ягоная актыўная грамадская дзейнасць і ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2001 года. 30 снежня палітык быў прызнаны Менскім раённым судом вінаватым у прысваенні аргтэхнікі амбасады ЗША, перададзенай у бязвыплатнае карыстанне асацыяцыі «Дзелавая ініцыятыва», якую ён узначальваў. Праз паўтары месяцы калегія Менаблсуда разгледзела магчымым зменшыць тэрмін пазбаўлення волі Міхаіла Марыніча з 5 да 3,5 гадоў, улічваючы яго ранейшыя выслугі перад дзяржавай, сталы ўзрост і стан здароўя.

7 сакавіка Міхаіл Марыніч перанёс інсульт у Аршанскай калоніі ўзмоцненага рэжыму, дзе яму адмаўляліся перадаваць лекі. Толькі дзякуючы патрабаванням беларускай і міжнароднай грамадскасці, Марыніча перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Менску.

У падтрымку палітвязня тады выступілі кіраўнікі дзяржаў: прэзідэнт Францыі Жак Шырак і прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга, дэпутаты парламентаў многіх краін свету, Еўрапарламента, парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ. Патрабаванне вызваліць Міхаіла Марыніча ўтрымліваецца ў рэзалюцыі Еўрапейскага Парламента. Заявы з патрабаваннем неадкладна вызваліць зняволенага прымаў таксама Еўрапейскі Звяз і Дзярждэпартамэнт ЗША. Уплывовая праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Міхаіла Марыніча вязнем сумлення. З турмы палітык выйшаў паводле амністыі ў красавіку 2008 года.

Міхаіл Марыніч падчас прэзідэнцкіх выбараў уваходзіў у ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава.

Палітык памёр 17 кастрычніка ва ўзросце 74 гадоў.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках