«Жыццё ў праўдзе» Вацлава Гавела выйшла па-беларуску
- 25.10.2014, 13:52
- 3,724
У Менску прайшла прэзентацыя кнігі былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела «Жыццё ў праўдзе».
На прэзентацыю кнігі «Жыццё ў праўдзе» прыйшлі і палітыкі, і пісьменнікі, а таксама прадстаўнікі амбасады Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».
«Жыццё ў праўдзе» - кніга, куды ўвайшлі сем сусветна вядомых праграмных эсэ Вацлава Гавела пары ягонага дысідэнцтва ў камуністычнай Чэхаславакіі, а таксама сем выступленняў часоў ягонага прэзідэнцтва. Акрамя гэтага, у кнігу ўключаная дэкларацыя «Хартыі-77», да стварэння якой Гавэл меў непасрэднае дачыненне.
Пераклад кнігі на беларускую мову зрабілі Сяргей Сматрычэнка і Юлія Сматрычэнка, прадмову напісаў Лявон Баршчэўскі.
У выступе падчас мерапрыемства, амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт сказаў, што праз гэтую кнігу беларускія чытачы змогуць лепш зведаць унутраны свет Вацлава Гавела, вобраз ягонага мыслення, а таксама даведацца больш пра тыя падзеі, якія адбываліся ў былой Чэхаславакіі.
Чым тэксты Гавела цікавыя для беларусаў? Не толькі тым, што гэта выдатны палітык і драматург. Гавел - чалавек, які быў вельмі блізкі і неабыякавы да Беларусі. Для яго Беларусь не была абстрактнай краінай. Вацлаў Гавел спрыяў знаходжанню ў Чэхіі Васіля Быкава. Ён быў адным з апекуноў Свабоднага тэатра. Уласнаручна пісаў лісты беларускім палітвязням - Алесю Бяляцкаму і Андрэю Санікаву.
Акрамя таго, гэтая кніга цікавая тым, што яна вельмі актуальная і для сучаснай Беларусі. Выдаўцы кнігі, рэдактары, перакладчыкі, якія выступалі падчас мерапрыемства, падкрэслівалі ў кожным слове: кніга Гавела - ілюстрацыя сённяшняга дня Беларусі.
Беларусам кніга цікавая тым, што яна дае надзею. Тыя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, ужо прайшлі ў іншых краінах Еўропы, і як бы цяжка ні было перажываць часы таталітарызму, дыктатуры - прыклад Чэхіі, прыклад Гавела даюць надзею на лепшае, на тое, што часы неўзабаве зменяцца.
Кніга будзе цікавая і палітыкам, якім трэба будзе прачытаць яе, каб бачыць прыклад - як можна змагацца з любымі рэжымамі.
У завяршэнне мерапрыемства адбылося мастацкае чытанне аднаго з твораў Гавела. Прыемнай нечаканасцю для тых, хто прыйшоў на прэзентацыю, было тое, што кожны атрымаў кнігу Вацлава Гавела ў падарунак.
Кніга Вацлава Гавела «Жыццё ў праўдзе» выйшла ў выдавецтве «Логвінаў», яе можна свабодна набыць у аднайменнай краме.