Кіраўнік Саюза журналістаў Масквы: «Парэчанкаў абавязаны публічна папрасіць прабачэння»
23- 31.10.2014, 15:30
- 32,095
Наступствы ўчынку актора могуць стаць фатальнымі для журналістаў, якія працуюць у Данбасе.
Актор Міхаіл Парэчанкаў апынуўся ў цэнтры скандалу: у Данецкім аэрапорце, куды Парэчанкаў прыехаў разам з баевікамі падчас візіту ў ДНР, ён страляў з кулямёта. Пры гэтым на галаве актора была каска з надпісам «Прэса».
Гэтая сітуацыя выклікала абурэнне журналісцкай супольнасці - бо ўсе міжнародныя хартыі забараняюць прадстаўнікам СМІ браць у рукі зброю.
Старшыня Саюза журналістаў Масквы, галоўны рэдактар «МК» Павел Гусеў распавёў, што можа зрабіць Парэчанкаў для таго, каб наступствы ягонага ўчынку не сталі фатальнымі для журналістаў, якія працуюць у Данбасе.
- Міхаіл Парэчанкаў абавязаны афіцыйна абвясціць грамадскасці, што ён прыносіць прабачэнні за тое, што адбылося. Што - калі гэта сапраўды так - ён не ведаў аб этычным кодэксе журналіста і не бачыў надпісу «Прэса» на касцы. І што да журналістаў гэтая стральба у данецкім аэрапорце не мае ніякага дачынення.
Важна, каб абодва бакі канфлікту на Украіне зразумелі: тое, што адбылося было выпадковасцю і ніякім чынам не звязанае з журналісцкім цэхам.
Цяпер, пасля смерцяў прадстаўнікоў СМІ ва Украіне, удзельнікі канфлікту ў Данбасе, мне здаецца, зразумелі: у прэсу страляць нельга. Калі забойствы журналістаў будуць адбывацца зноў, гэтая кроў будзе на руках Парэчанкава.
Ён страляў невядома куды, ён узяў у рукі аўтамат... Актор павінен мець не толькі абаяльную знешнасць - у яго павінны быць нейкія звіліны ў галаве, ён павінен мець уяўленне аб этычных нормах і правілах паводзін.