Ангела Меркель пра санкцыі супраць РФ: Новы спіс - на парадку дня
8- 15.11.2014, 16:05
- 11,709
Еўразвяз разглядае магчымасць увядзення дадатковых індывідуальных санкцый у дачыненні да Расеі.
Пра гэта паведаміла канцлер Нямеччыны Ангела Меркель на саміце "Вялікай дваццаткі", які праходзіць у Аўстраліі, паведамляе BBC.
"Бягучая сітуацыя нездавальняючая. Спіс новых асоб знаходзіцца на парадку дня", - заявіла яна.
На палях саміту прадугледжана сустрэча канцлера Нямеччыны з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, аднак Ангела Меркель заявіла, што не чакае "раптоўных, якасных перамен".
Сам Пуцін, між тым, адказваючы ў Брысбене на пытанне журналістаў пра пагаршэнне адносін з Меркель, адзначыў, што Расея дзейнічае, зыходзячы з інтарэсаў, а не сімпатый і антыпатый, як і канцлер Нямеччыны, таму "значных змен" у адносінах Пуцін не заўважыў.
Кажучы пра санкцыі, Пуцін адзначыў, што яны супярэчаць прынцыпам "Вялікай дваццаткі", а таксама міжнароднаму праву, згодна з якім санкцыі могуць быць уведзеныя пад эгідай ААН і Рады бяспекі. Больш, таго, падобныя меры супярэчаць прынцыпам СГА, якую ЗША дапамаглі заснаваць, дадаў расейскі лідар.
У рамках саміту ў Брысбене Уладзімір Пуцін ужо правёў сустрэчы з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмеранам і прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.
Гутарка з Кэмеранам, як паведаміў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, амаль цалкам была прысвечаная ўкраінскай тэматыцы.
Паводле ягоных слоў, "адбыўся і размова аб фундаментальных прычынах цяперашняга разладу ў адносінах паміж Расеяй, ЗША і шэрагам еўрапейскіх краін".
І Пуцін, і Кэмеран адзначылі сваю зацікаўленасць "у рэстаўрацыі гэтых адносін і прыняцці дзейсных мер ва ўрэгуляванні крызісу, што будзе спрыяць адмове ад канфрантацыйных адносін", - заявіў Пяскоў.