Камітэт Дзярждумы адобрыў увядзенне новых пабораў з бізнесу
14- 17.11.2014, 21:00
- 16,502
Камітэт бюджэту Дзярждумы ўхваліў папраўкі да Падатковага кодэкса, згодна з якім з гандлёвай дзейнасці будуць спаганяць новыя зборы.
Законапраект, ініцыятарам якога стаў кіраўнік думскага камітэта бюджэту Андрэй Макараў, будзе разгледжаны заўтра, 17 лістапада ў другім і трэцім чытаннях, паведамляе РБК.
Пры абмеркаванні ініцыятывы Макарава ў камітэце прадстаўнікі апазіцыйных фракцый выступалі супраць, аднак у выніку папраўкі да Падатковага кодэкса былі адобраныя.
Папраўкі, згодна з якімі прапаноўвалася ўвесці новыя муніцыпальныя зборы, былі ўнесеныя ў Дзярждуму 5 лістапада. У дакуменце ў яго першапачатковым выглядзе прапаноўвалася абкласці зборамі 22 віды камерцыйнай дзейнасці. Стаўкі збораў павінныя былі скласці да 600 тыс. руб. у залежнасці ад віду дзейнасці і з магчымасцю іх перавышэння ў дзесяць разоў.
У законапраекце ў ягоным цяперашнім выглядзе зборамі прапануецца абкладаць толькі стацыянарны і нестацыянарны гандаль, гандаль са складоў і арганізацыю рознічных рынкаў.