14 лiстапада 2018, Серада, 15:18
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

Жыхары Маладзечна пратэстуюць супраць свінакомплексаў Чыжа

38

Жыхары Маладзечна і навакольных вёсак пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва двух буйных свінакомплексаў на 100 тысяч галоў.

Пра гэта паведамляе тэлеканал «Белсат».

Як кажуць мясцовыя жыхары, алігарх Юрый Чыж, уладальнік ТАА «Вялес-Міт», канчаткова бярэ горад у свае абцугі. Ужо будуецца новы велізарны мясакамбінат. А ў 2015 годзе на адлегласці 3 і 18 кіламетраў ад горада, каля вёсак Мойсічы і Саўлава, павінны паўстаць два буйных свінакомплексы.

Фірма-заказчыкаў, ТАА «Вялес-Міт» (раней «Трайпл-Вялес»), - былы маладзечанскі мясакамбінат, які ў 2009 годзе стаў уласнасцю «Трайплу» і Чыжа.

Свінафермы разлічаныя на 100 тысяч галоў кожная. «У горадзе будзе свіней удвая больш, чым людзей - кожнаму па дзве свінні», - сумна жартуюць маладзечанцы.

Мясцовыя жыхары не вераць уладам і афіцыйным дакументам, якія запэўніваюць, што свінакомплексы бяспечныя для экалогіі. Людзі гуртуюцца ў барацьбе супраць будаўніцтва. 1 снежня а 18:00 у Маладзечанскім райвыканкаме пройдуць грамадскія слуханні ў пытанні свінакомплексаў. Таксама пачаўся збор подпісаў супраць будаўніцтва.

Вёску Мойсічы, што ў трох кіламетрах ад Маладзечна, ад будучага свінакомплексу, згодна з праектам, аддзяляе ўсяго адзін кіламетр і сто метраў. Складальнікі праекта і справаздачы паводле ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе мяркуюць, што такая адлегласць дастатковая для бяспекі і вёскі, і гарадоў. Жыхары Мойсічаў ужо б'юць трывогу - чыстым паветрам засталося дыхаць нядоўга.

Журналісты запыталіся ў жанчын, якія ідуць насустрач, што чуваць аб будаўніцтве свінафермаў. Адказваюць: «Ды хто яго ведае? Кажуць, што вось, дзесьці тут будуць будаваць. Але ці сапраўды так блізка?». «Вядома ж, супраць усе. У нас тут кароўнік - як вывозяць жыжку, то смярдзіць. А як з свінакомплекса ў Хожава вязуць, то зусім дыхаць няма чым. Але нас хто пачуе?». Жанчыны ставяць подпісы пад зваротам у райвыканкам.

«Вось, кажуць жа ў ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, што пад фермы возьмуць зямлі, на якіх нічога не вырошчваюць, - кажа Эдуард Баланчук, прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Маладзечна. - А тут, бачыце, азімыя ўжо ўзышлі. З хлусні пачынаюць. То як можна верыць усяму астатняму, што яны кажуць?»

З пляцоўкі добра бачныя дамы мікрараёна №6 Маладзечна. Менавіта ў гэтым кірунку горад можа будавацца далей. І стане яшчэ бліжэй да свінафермы.

«Інвестыцыі і грошы - гэта добра. Але не так блізка трэба будаваць. Сапсаваць усё тут, - кажа жыхар Мойсічаў. - А калі яны будуць гной на палі вывозіць, то толькі горш зробяць. Вунь, з Хожава возяць. Так у рэчцы Цвіцені ўжо рыбы ў гэтых месцах няма».

Журналісты сустрэліся са старастай вёскі Галінай Дараховіч. Жанчына абяцае ўжо да вечара сабраць прыблізна 30 подпісаў на сваёй вуліцы.

«Што ж гэта будзе? Яны што, не разумеюць? Мы ж ведаем, што гэта такое. Нацярпеліся ўжо гора з гэтым кароўнікам, што каля вёскі, і з той свінафермы, што побач. Як вецер падзьме, то смярдзіць немагчыма. А там 25 тысяч галоў. Так што будзе тут, калі будзе сто?» - пытаецца яна.

Але найбольш старасту абурае забарона на ўтрыманне ўласных свіней. Згодна з пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі, у радыусе 5 кіламетраў ад буйных свінакомплексаў нельга разводзіць свіней.

Мясцовы актывіст геолаг Уладзіслаў Юркоў, жыхар вёскі Лахаўшчына, адкрыў групу ў «Фэйсбуку» «Спынім будаўніцтва свінарніка». Ён вывучыў усе справаздачы што да ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, правёў свае разлікі і давёў, што многія паказчыкі ў справаздачы пададзеныя няправільна. Так, колькасць адходаў прыніжаная ў паўтара раза. І гэта не адзіная памылка, сцвярджае актывіст.

Да барацьбы супраць свіных кляшчоў далучаюцца хрысціянскія канфесіі Маладзечна. Мясцовы ксёндз Юрый Краўчанка з парафіі Святога Казіміра пагадзіўся абвясціць парафіянам пасля нядзельнай службы аб зборы подпісаў і раздаць падпісныя лісты. Адкрылі петыцыю ў інтэрнэце, якую ўжо падпісалі блізу 300 чалавек. Эдуард Баланчук заклікае ўсіх неабыякавых да лёсу Маладзечна прыйсці 1 снежня на слуханні.