Беларускі рубель абваліцца ўслед за расейскім
50- 5.11.2014, 15:53
- 99,617
Беларускі рубель можа ўпасці ў піку абвальнай дэвальвацыі ва ўсякі момант.
Такое меркаванне charter97.org выказаў эканаміст Барыс Жэліба. Ён мяркуе, што ў выніку новай палітыкі расейскага Цэнтрабанка расейскі рубель працягне падзенне і, тым самым, у перспектыве пагоршыць эканамічную сітуацыю ў Беларусі.
- Як адаб'ецца «вольнае плаванне» расейскай валюты на беларускай эканоміцы?
- Дрэнна адаб'ецца. Мяркуйце самі: расейскі банк на падтрымку, ну, хіба што, не такой крутой дэвальвацыі расейскага рубля, хоць яна ўсё роўна выйшла крутая - 25% з пачатку года - толькі ў кастрычніку патраціў 30 мільярдаў даляраў са сваіх рэзерваў. І, відаць, зразумеў, што калі такімі тэмпамі ён будзе марнаваць рэзервы надалей, то хутка яны, напэўна, з чатырохсотмільярднай сумы ўжо будуць пачынацца на трыста, гэта проста спаліць грошы. Таму Цэнтрабанк прыйшоў да высновы не займацца валютнай інтэрвенцыяй наогул і рубель усталюецца ў пункце раўнавагі попыту-прапановы на біржы і на расейскім пазабіржавым валютным рынку.
- Як доўга будзе працягваць падзенне расейскі рубель?
- Можна чакаць яшчэ прынамсі адзін валютны скачок у яго дэвальвацыі, наколькі - сказаць цяжка, залежыць ад сітуацыі на біржы. Курс да даляра можа падскочыць яшчэ на рубель, а то і на два. А гэта для нас, як вы разумееце, дрэнна. Наш экспарт яшчэ ў большай меры пацерпіць. Ён будзе абясцэньвацца ў валютным эквіваленце. Нездарма ж міністэрства сельскай гаспадаркі сказала, што ў натуральным выразе мы паднялі экспарт у паўтара разы, а калі пералічыш выручку ў расейскіх рублях у даляры, дык яна стала меншай, чым ранейшая. Так што, гэта свабоднае плаванне расейскага рубля - гэта нам толькі ў мінус. Хоць па валюце бывае цяжка прадказальная сітуацыя, але расейская валюта ўжо ніяк не ўмацуецца, а наадварот, павінна яшчэ дакладна саслабець.
- Наколькі Нацбанк у стане кантраляваць сітуацыю з беларускім рублём у такіх умовах. Ці наступіць такі момант, калі беларускі рубель пачне падаць ўслед за расейскім?
- Агульная сітуацыя - негатыўная для Расіі, а, такім чынам, і для Беларусі на ўвесь наступны год. У сувязі з падзеннем коштаў на нафту магчымасці аказваць крэдытную падтрымку Беларусі ў Масквы скарачаюцца, а таксама скарачаюцца магчымасці аказваць нам так званага энергетычнага гранта, таннай нафты і газу. А без такой падтрымкі наш рубель таксама можа ўпасці ў піку абвальнай дэвальвацыі ў любы момант часу.