Мытнікам наказалі больш зарабляць
23- 6.11.2014, 19:09
- 18,523
Беларускі дыктатар папрасіў ад новага кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыя Сянько прапаноў аб папаўненні бюджэту.
Пра гэта паведамілі charter97.org у прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Мытная служба фарміруе бюджэт. Вось тут мы павінныя не толькі ўзяць тое, што мы паводле ўсіх класічных правіл атрымліваем у бюджэт праз мытню, але і патрэбныя новыя прапановы для таго, каб гэты бюджэт напоўніць", - сказаў Лукашэнка падчас разгляду кадравых пытанняў.
Кіраўнік падкрэсліў, што Беларусі трэба больш актыўна выкарыстоўваць сваё транзітнае становішча.
"Скажу шчыра, у мяне ўражанне, што мы пачынаем у нейкай ступені на асобных участках спыняцца. Ні ў якім разе нельга спыняцца! І вось вашая задача - зыходзячы з таго, што створанае сёння, у тым ліку і вашымі намаганнямі, трэба гэта развіваць, ісці наперад, тым больш што нашая краіна становіцца адзіным транзітным калідорам з Усходу на Захад. Так склалася", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да Сянько, дыктатар заўважыў, што ён дасведчаны чалавек і ведае работу мытных службаў, прымаў удзел у фарміраванні мытнага кодэкса, адзінай мытнай прасторы. "Але самае галоўнае - вы ведаеце службу ў мытным камітэце, вы можаце арганізаваць працу мытнага камітэта. Адкрыта скажу, мне імпануюць вашыя падыходы да арганізацыі службы".