Гаагскі трыбунал адпусціў Шэшэля лячыцца ў Сербію
2- 6.11.2014, 21:27
- 6,125
Суддзі МТБЮ часова вызвалілі з-пад варты Ваіслава Шэшэля для лячэння на радзіме.
Суддзі Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі (МТБЮ) часова вызвалілі з-пад варты лідара Сербскай радыкальнай партыі Ваіслава Шэшэля для лячэння на радзіме.
Пра гэта ў чацвер, 6 лістапада, паведамляе Associated Press.
Рашэнне было прынятае зыходзячы з «гуманітарных меркаванняў». Згодна з умовамі вызвалення, Шэшэль можа звярнуцца па медыцынскую дапамогу ў Сербіі пры ўмове, што не будзе аказваць ціск на пацярпелых або сведак у ягонай справе і што вернецца ў суд, калі яго выкліча суддзя.
Сербскія лекары, якія наведалі Шэшэля, нядаўна сказалі, што ён пакутуе ад раку тоўстай кішкі, які распаўсюдзіўся на печань.
Шэшэль знаходзіцца пад вартай у Гаазе з 2003 года, працэс у ягонай справе быў пачаты ў 2007 годзе. Ён паўстаў перад МТБЮ добраахвотна, піша Lenta.ru.
Палітыка абвінавачваюць ва ўчыненні ваенных злачынстваў у 1991-1994 гадах, а менавіта ў падбухторванні да насілля супраць нясербскага насельніцтва былой Югаславіі, распальванні нацыянальнай варожасці, а таксама датычнасці да катаванняў і забойстваў. Пракуратура патрабуе для яго 28 гадоў турмы. Шэшэль вылучаныя супраць яго абвінавачванні адмаўляе.
Акрамя таго, Шэшэль быў асуджаны паводле шэрага другарадных абвінавачванняў. Так, у кастрычніку 2011 года яго асудзілі на паўтара года турмы за раскрыццё асоб сведак у ягонай справе ў напісанай ім кнізе. У 2010 годзе, за раскрыццё асоб сведак у іншай кнізе, Шэшэль быў прысуджаны да 15 месяцаў турэмнага зняволення. У чэрвені 2012 года ён быў асуджаны на два гады за адмову прыбраць са свайго сайта інфармацыю аб сведках у ягонай справе, якім суд гарантаваў канфідэнцыяльнасць.