Італія, Чэхія і Грэцыя выдаюць Шэнген Крымчанам
19- 7.11.2014, 14:02
- 14,672
Візавыя цэнтры трох краін ЕЗ у Маскве, нягледзячы на забарону Еўразвязу, выдаюць Крымчанам шэнгенскія візы.
Гаворка ідзе аб Італіі, Чэхіі і Грэцыі, піша расейская газета «Известия».
Гэтую інфармацыю, як адзначае выданне, яму пацвердзілі ў турыстычных кампаніях і візавых цэнтрах.
«Дэ-юрэ краіны Шэнгенскай зоны не згодныя выдаваць візы грамадзянам, якія пражываюць у Крыме, але дэ-факта ёсць шэраг краін, якія выдаюць іх», - кажа супрацоўнік аднаго з крымскіх турагенцтваў.
З ягоных звестак, на кампрамісы ідуць Грэцыя, Італія і Чэхія.
Са слоў прадстаўнікоў італьянскага візавага цэнтра, заявы ад прапісаных у Крыме грамадзян РФ на выдачу Шэнгена разглядаюцца і задавальняюцца ў агульным парадку і ва ўстаноўленыя тэрміны (ад 3 дзён да 2 тыдняў).
У чэшскім візавым цэнтры таксама не выключылі падачу заяў ад крымчан, але адзначылі, што для іх разгляду патрабуецца згода консульскага аддзела амбасады Чэхіі - ім нядаўна была вынесеная асаблівая дырэктыва датычная Крыма.
Ад грэцкага візавага цэнтра адказу атрымаць не ўдалося, у пасольстве Грэцыі перанакіравалі за каментарамі ў прадстаўніцтва ЕЗ у Маскве.
Так жа ўдала завяршылася рэгістрацыя на прадстаўленне дакументаў украінскага заяўніка ў амбасаду Чэхіі ў Маскве, якая вядзецца праз сэрвіс МЗС Чэхіі.
Выданне таксама паведамляе пра магчымасць атрымання Крымчанамі шэнгенскай візы з расейскім пашпартам ў візавым цэнтры Нідэрландаў.
Аднак супрацоўнік прэс-службы амбасады Нада Вэрваал адмаўляе такую магчымасць і нагадвае аб тым, што крымчане павінны атрымліваць візы на тэрыторыі Украіны.
Таксама на сайце візавага цэнтра не ўдалося знайсці паведамленняў аб забароне Крымчанам падаваць дакументы на візы.