У Менску пачалі працу калядныя кірмашы
- 12.12.2014, 19:40
- 6,413
У пятніцу, 12 снежня, у Менску адкрыліся кірмашы «Калядны кiрмаш», якія будуць праходзіць на Кастрычніцкай плошчы і ў раёне Палаца спорту.
Менчукоў і гасцей горада пачастуюць тут гарачымі блінамі, дранікамі, шашлыком, смажанай бульбай, свежай выпечкай і глінтвейнам. Кірмашы будуць працаваць штодня з 12:00 да 21:00 па 15 студзеня.
Акрамя таго, паведамляе БелаПАН, з 12 снежня па 10 студзеня каля Палаца спорту ўпершыню будзе праходзіць Менскі міжнародны калядны фестываль. Ягоныя ўдзельнікі размесцяцца ў двух асноўных зонах. У першай пад назвай «Літоўскі дворык» на прылаўках 15 аднолькавых белых драўляных гандлёвых шале, завезеных з Літвы, будзе прэзентаваная прадукцыя народных промыслаў Балтыі: валюшна-лямцавыя вырабы, сувенірная кераміка, бурштын, кованыя вырабы, навагоднія ўпрыгажэнні. Будзе прапанаваны таксама пашыраны асартымент тавараў беларускіх і расейскіх вытворцаў.
У другой зоне, у 15 палатках адзінага ўзору, дэкараваных ў навагоднім стылі, наведвальнікі змогуць набыць вырабы з керамікі, вярблюджай воўны, бамбука, шоўку, лёну, сувенірную прадукцыю, плеценую мэблю з лазы, халву, мёд, а таксама паспытаць тульскіх пернікаў з гарачай гарбатай з самавара на дровах.
Разнастайная культурна-забаўляльная праграма будзе прапанаваная гасцям кірмашоў. Для маленькіх наведвальнікаў будзе працаваць навагодняя пошта Дзеда Мароза. Лісты будуць дастаўляцца ў Белавежскую пушчу.