Маніфест Кангрэса за незалежнасць: ЕАЭС нясе пагрозу Беларусі
4- 21.12.2014, 14:05
- 12,767
Маніфест ў падтрымку незалежнасці Беларусі прыняты 21 снежня ў Менску на Кангрэсе за незалежнасць.
Удзельнікі кангрэса мяркуюць, што дамова аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), якая ўваходзіць у дзеянне 1 студзеня 2015 года, нясе новую пагрозу незалежнасці Беларусі, паведамляе БелаПАН.
«Шэраг палажэнняў гэтай дамовы супярэчыць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая пагроза ўзмацняецца значнымі зменамі ў геапалітыцы, выкліканымі імкненнем Расейскай Федэрацыі ўсталяваць новы сусветны парадак», - гаворыцца ў маніфесце.
Удзельнікі кангрэса, прынамсі, уважаюць за недапушчальнае размяшчэнне замежных вайсковых кантынгентаў і баз на тэрыторыі Беларусі. На іх думку, ўсе замежныя войскі павінны пакінуць тэрыторыю краіны.
У маніфесце таксама выказана занепакоенасць тым, што народ на працягу апошніх гадоў «фактычна пазбаўлены магчымасці выбіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясцовай і вышэйшай улады».
Удзельнікі кангрэса асцерагаюцца, што ўваходжанне ў дзеянне дамовы аб ЕАЭС можа стаць падставай для страты дзяржаўнага суверэнітэту краіны, прывесці «да далейшага знішчэння беларускай мовы» і ператворыць Беларусь у адзін з суб'ектаў Расейскай Федэрацыі. У сувязі з гэтым у маніфесце ўтрымліваецца патрабаванне да ўладаў «неадкладна скасаваць дамову аб ЕАЭС або ўнесці ў яе тэкст адпаведныя змены».
Дэлегаты кангрэса заяўляюць, што «ўсе пагадненні і дамовы, якія былі ўкладзеныя з парушэннямі Канстытуцыі і якія ставяць пад пагрозу незалежнасць, павінны быць перагледжаныя і скасаваныя».
«Мы аб'яўляем усім краінам, міжнародным і рэгіянальным арганізацыям, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца суверэннай, нейтральнай і бяз'ядзернай дзяржавай», - падкрэсліваецца ў маніфесце.