Менчукоў аштрафуюць за хлам у падвалах
15- 22.12.2014, 18:15
- 11,751
Намеснік старшыні Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў прапанаваў службам ЖКГ і МНС арганізаваць сумесныя рэйды па менскіх падвалах.
Улады горада хочуць навесці парадак у гэтых памяшканнях, прадухіліць пранікненне бяздомных і надзвычайныя сітуацыі. Праблема абмяркоўвалася сёння на пасяджэнні штаба добраўпарадкавання і ўтрымання гарадскіх тэрыторый, піша «Менск-Навіны».
Паводле слоў дырэктара ГА «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» Віталя Смірнова, найбольш праблематычнымі застаюцца дамы, дзе ў жыхароў у карыстанні маюцца боксы ў падвальных памяшканнях для захоўвання сваёй маёмасці.
- У жыхароў ёсць ключы ад такіх скляпоў, яны імі карыстаюцца, складуюць хлам у гэтых хлявах і часцяком забываюць замыкаць дзверы ў падвал, у выніку чаго пракрасціся туды можа хто заўгодна. На маю думку, такія хлявы ў падвалах страцілі сваю актуальнасць, да таго ж у жыхароў няма законных падстаў на карыстанне гэтымі памяшканнямі, - сказаў ён.
Як адзначыў першы намеснік старшыні Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў, гэтае пытанне сапраўды недастаткова кантралюецца. Ён прапанаваў арганізаваць сумесныя з прадстаўнікамі МНС рэйды з мэтай абследавання такіх падвальных памяшканняў і накладання штрафаў на карыстальнікаў, якія не забяспечваюць належны стан сваіх боксаў.
- Раз ты кажаш, што ты ўласнік гэтага памяшкання, то будзь добры забяспечвацца там парадак. У выпадку ўзнікнення пажараў у такіх падвалах адказнасць таксама трэба ўскладаць на карыстальнікаў боксаў, - падкрэсліў Кухараў.
Фота: onliner.ru