Арменія аднаўляе перамовы аб асацыяцыі з ЕЗ
5- 24.12.2014, 17:47
- 10,503
Ерэван пасля ўступлення ў ЕАЭС аднаўляе перамовы аб новым пагадненні з Еўразвязам.
Пра гэта заявіў першы намеснік міністра эканомікі Арменіі Гарэгін Мелканян, паведамляе РІА "Новости".
Чыноўнік адзначыў, што ў дамове будуць максімальна захаваныя ўсе нормы пагаднення аб асацыяцыі, якія не супярэчаць сяброўству краіны ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС).
Планавалася, што Ерэван падпіша з ЕЗ пагаднення аб асацыяцыі і зоне вольнага гандлю ў лістападзе 2013 на віленскім саміце "Усходняга партнёрства". Аднак за два месяцы да гэтага Арменія заявіла аб намеры ўступіць у Мытны саюз і ўдзельнічаць у еўразійскай інтэграцыі.
"Арменія аднаўляе перамовы вакол падпісання новага пагаднення з ЕЗ, у якім будуць максімальна захаваныя ўсе тыя нормы пагаднення аб асацыяцыі, якія магчымыя і не супярэчаць сяброўству Арменіі ў ЕАЭС", - заявіў Мелканян.
Ён дадаў, што ўжо вызначаныя асноўныя кірункі, у якіх Арменія будзе паглыбляць сувязі з дзяржавамі-чальцамі ЕЗ. "Пасля высвятлення сфэр супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам для Арменіі стала магчыма ўрэгуляваць сувязі і з ЕЗ, што павінна было прычыніцца да стварэння новага прававога фармату супрацоўніцтва Арменія-ЕЗ", - сказаў Мелканян.
Намеснік міністра эканомікі таксама пералічыў асноўныя сфэры і кірункі супрацоўніцтва, якія ўвойдуць у новае пагадненне: гандлёвыя стасункі, абарона канкурэнцыі, правы інтэлектуальнай уласнасці, тэхнічныя рэгламэнты, бяспека прадуктаў харчавання.
"Паралельна з гэтым МЗС абмяркоўвае таксама палітычны блок пагаднення. Калі праца пойдзе эфэктыўна, Арменія ў найбліжэйшай будучыні падпіша новае пагадненне з ЕЗ", - мяркуе Мелканян.
Паводле ягоных слоў, уключаныя ў рыхтаванае пагадненне сфэры ўзятыя з пагаднення аб глыбокай і ўсёабдымнай зоне вольнага гандлю, у якое ўваходзілі 28-29 сфэр, у тым ліку энэргетыка, горназдабыўная прамысловасць, правы чалавека, адукацыя ды іншыя.
"Цяпер дбайна разглядаюцца ўсе тыя пункты, якія будуць уключаныя ў рыхтаваны з ЕЗ новы пакет, каб яны не супярэчылі тым абавязанням, якія бярэ на сябе Арменія, уступаючы ў ЕАЭС", - сказаў Мелканян, дадаўшы, што не спыніцца і дапамога , што надаецца Арменіі з боку ЕЗ.
Нагадаем, 5 снежня парламэнт Арменіі ратыфікаваў дамову аб уступленні ў ЕАЭС.