Расейскія банкіры загаварылі аб паніцы
12- 3.12.2014, 11:30
- 21,074
Расейская банкаўская сістэма адчувае «некаторую паніку» пасля падзення коштаў на нафту.
Пра гэта заявіў старшыня назіральнага савета ВТБ Сяргей Дубінін на форуме Адама Сміта ў Лондане, пішуць «Ведамасці».
З ягоных слоў, свабоднае плаванне рубля і высокія працэнтныя стаўкі - гэта «дрэнная камбінацыя» для расейскай эканомікі.
«Эканамісты на працягу доўгага часу пераконвалі ўсіх, што з падзеннем коштаў на нафту мы ўступім у складаны сацыяльны і эканамічны крызіс. Таму, калі ён пачаўся, некаторая паніка, у тым ліку ў банкаўскім сектары, стала відавочнай», - сказаў ён.
Нагадаем, прыбытак расейскіх дзяржбанкаў зніжаецца праз заходнія санкцыі і паслабленне рубля. Найбуйнейшы расейскі банк Ашчадбанк у канцы лістапада пагоршыў прагнозы на будучыню, а ВТБ паведаміў пра невялікі прыбытак за трэці квартал гэтага года і павелічэнне выдаткаў на рэзервы, піша liga.net.
ВТБ таксама вядзе перамовы з урадам аб прадстаўленні субардынаваных крэдытаў са сродкаў ФНБ у памеры 250 млрд руб. Дубінін сказаў журналістам у Лондане, што спадзяецца атрымаць іх да канца года.