ФСБшнікі не пусцілі ўкраінскага консула на пункт пропуску «Данецк»
1- 3.12.2014, 19:00
- 14,858
Праз гэта ўкраінскі дыпламат не змог сустрэцца з персаналам Дзяржаўных памежнай і фіскальнай службаў Украіны.
Учора, 2 снежня, расейскія памежнікі не прапусцілі для сустрэчы з украінскай міжведамаснай групай, якая знаходзіцца ў пункце пропуску «Данецк» (РФ), консула Украіны ў Растове-на-Доне Аляксандра Коўтуна.
Як паведамілі ў прэс-службе Дзяржпамежслужбы Украіны, прадстаўнікі памежнага кіравання ФСБ РФ аргументавалі адмову адсутнасцю спецыяльнага пропуску. Праз гэта ўкраінскі дыпламат не змог сустрэцца з персаналам Дзяржаўных памежнай і фіскальнай службаў Украіны. Ён павінен быў даставіць персаналу цёплыя рэчы і лекі, паколькі два прадстаўнікі групы захварэлі, піша nr2.com.ua.
Адзначым, што з кастрычніка гэтага года Коўтун неаднаразова прыбываў у пункт пропуску «Данецк» з аналагічнай місіяй. Пра час і мэты візіту, у тым ліку і на гэты раз, расейскі бок быў загадзя праінфармаваны. Кіраўніцтва Усходняга рэгіянальнага кіравання Дзяржпамежслужбы паводле гэтага факту накіравала ліст начальніку памежнага кіравання ФСБ РФ Растоўскай вобласці.