Памежслужба Украіны: Верталёты расейскіх ВПС парушылі мяжу
5- 28.02.2014, 15:07
- 5,654
Украінскія памежнікі зафіксавалі пералёт ва Украіну дзесяці расейскіх ваенных верталётаў.
Дзяржаўная памежная служба Украіны заяўляе, што падчас аховы мяжы памежнікі зафіксавалі пералёт з Керчанскага кірунку на вышыні да 1 кіламетра больш дзесяці расейскіх ваенных верталётаў ва Украіну. «Дзяржаўная памежная служба Украіны інфармуе, што сёння ў ходзе аховы дзяржаўнай мяжы постам тэхнічнага назірання быў адсочаны пералёт з Керчанскага напрамку на вышыні да 1 кіламетра больш чым 10 расейскіх ваенных верталётаў ва Украіну», - гаворыцца ў паведамленні.
Па дадзеных памежнай службы, пры гэтым на аэрадроме Кача былі аформленыя тры верталёта, у дачыненні да якіх была пададзеная адпаведная заяўка ЧФ РФ.
«Іншыя верталёты, якія перасеклі дзяржаўную мяжу Украіны, парушылі патрабаванні адпаведных двухбаковых пагадненняў», - гаворыцца ў паведамленні.
Таксама раніцай ракетны катэр ЧФ РФ Іванавец спыніўся на адлегласці 5-ці кабельтавых ад берага на рэйдзе Балаклаўскай бухты, нібыта з-за паломкі рухавіка, піша «Корреспондент».
Нагадаем, учора ў Сімферопалі невядомыя захапілі парламент і ўрад аўтаноміі і ўсталявалі на будынках расейскія сцягі. Праваахоўнікі адкрылі крымінальную вытворчасць па артыкуле «тэракт». Дэпутаты прызначылі на 25 траўня рэферэндум па пашырэнні паўнамоцтваў аўтаноміі, а таксама выказалі недавер Савету міністраў аўтаноміі, які з лістапада 2011 года ўзначальваў Анатоль Магілёў. Па некаторых звестках, падчас правядзення сесіі не было кворуму.
Вярхоўная Рада Украіны запатрабавала склікання Савета бяспекі ААН для разгляду сітуацыі ў Крыме.