Над абладміністрацыяй у Харкаве паднялі сцяг Расеі
5- 1.03.2014, 17:27
- 16,038
Удзельнікі штурму АДА вывелі з памяшкання некалькіх актывістаў, якія барыкадаваліся ў будынку.
У Харкаве на будынку АДА, што на вуліцы Сумскай, вывесілі расейскі сцяг. Некалькі маладзёнаў ходзяць па даху АДА і размахваюць яшчэ адным расейскім сцягам, піша «Карэспандэнт».
У гэты час удзельнікі штурму АДА вывелі з памяшкання некалькіх актывістаў, якія барыкадаваліся ў будынку, і прывялі іх на сцэну, з якой перад гэтым выступалі мітынгоўцы перад удзельнікамі мітынгу ў падтрымку гарадской улады і «парадку ў краіне».
Моладзь, якая ахоўвае еўрамайданаўцаў на сцэне, запэўнівае, што самасуду не будзе. Акрамя таго, людзей заклікаюць рухацца да байцоўскага клуба «Апора», які ноччу занялі актывісты «Правага сектара» і самаабароны Еўрамайдану.
Да сцэны на плошчу Свабоды, дзе знаходзіцца некалькі актывістаў Еўрамайдану, пад'ехалі аўтамабілі «хуткай».
З даху АДА ўдзельнікі штурму запускаюць салют.
У выніку штурму будынка абласной дзяржаўнай адміністрацыі, дзе перад гэтым забарыкадаваліся актывісты Еўрамайдану, пацярпелі некалькі дзясяткаў чалавек.
Пацярпелых актывістаў з будынка АДА выводзілі работнікі міліцыі. Найбольш пацярпелых ужо забрала «хуткая дапамога».
Удзельнікі штурму і людзі, якія сабраліся каля АДА, крычалі «фашысты!» актывістам Еўрамайдану, якіх да лекараў вялі міліцыянты. Некаторыя спрабавалі стукнуць параненых актывістаў. Сярод траўміраваных таксама ёсць удзельнікі штурму.