Амбасада Ізраіля ў Беларусі спыніла выдачу віз
- 11.03.2014, 11:07
- 3,158
Амбасада Ізраіля ў Беларусі зноў спыніла выдачу віз з-за працоўнага канфлікту.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце амбасады.
«У сувязі з тым, што Міністэрства фінансаў Ізраіля адмаўляецца вырашыць даўні працоўны канфлікт з Міністэрствам замежных спраў, ізраільскія дыпламаты аднавілі працоўныя санкцыі.
Можа здацца дзіўным, што дыпламатычная служба дзяржавы апынулася «ўцягнутай» у працоўны канфлікт. Але мы, ізраільскія дыпламаты, спадзяемся, што разумныя патрабаванні тых, хто прадстаўляе дзяржаўныя інтарэсы за мяжой, чый абавязак - ствараць міжнародную рэпутацыю Ізраіля і падтрымліваць нацыянальную бяспеку, будуць задаволеныя.
Амбасада Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь не будзе размяшчаць на сваім сайце і ў сацыяльных сетках якую-небудзь інфармацыю да тых часоў, пакуль працоўны канфлікт не будзе належным чынам вырашаны.
Згодна з працоўнымі санкцыямі МЗС Дзяржавы Ізраіль ад 4 сакавіка 2014 года Амбасада Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь не будзе аказваць консульскія паслугі насельніцтву», - гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамлялася раней, летам мінулага года амбасада Ізраіля ў Беларусі таксама спыняла выдачу віз у сувязі з працоўным канфліктам.