5 траўня 2024, Нядзеля, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Украіны: Расейскія часткі праводзяць вучэнні на тэрыторыі Беларусі

40
МЗС Украіны: Расейскія часткі праводзяць вучэнні на тэрыторыі Беларусі

Кіеў разглядае гэта як наўпроставую пагрозу нацыянальным інтарэсам і бяспецы.

Пра гэта заявіў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Украіны Яўген Перабійніс.

«Паводле аператыўных звестак, якія мы атрымліваем, тыя вучэнні, якія праводзяцца Расеяй у Белгародскай, Курскай абласцях, таксама праводзяцца некаторымі расейскімі вайсковымі часткамі і на тэрыторыі Беларусі. Гэта не можа не выклікаць занепакоенасць. Фактычна, гэта азначае тое, што да гэтай агрэсіі з боку Расеі спрабуюць усялякім спосабам прыцягнуць і іншыя прыязныя да нас дзяржавы», - заявіў ён.

«Тое, што там (у Беларусі) размяшчаюцца сілы Расеі, гэта ўнутраная справа Беларусі і яе двухбаковых стасункаў з Расейскай Федэрацыяй. У кантэксце тых дзеянняў, якія цяпер робіць Расейская Федэрацыя, мы не можам не выказваць занепакоенасць у сувязі з гэтым, бо мы адчуваем наўпроставую пагрозу нашым нацыянальным інтарэсам і нацыянальнай бяспецы», - падкрэсліў прэс-сакратар МЗС Украіны.

Яўген Перабійніс таксама пракаментаваў адмову Выканкама СНД аб правядзенні ў Кіеве пазачарговай Рады міністраў замежных спраў СНД.

«Мы расчараваныя той пастановай, якая была прынятая Выканаўчым камітэтам СНД аб тым, што нашая прапанова аб правядзенні тэрміновага пасяджэння ў Кіеве не была падтрыманая. Мы ўсё ж разлічвалі на тое, што нашыя сябры і партнёры ў СНД падтрымаюць Украіну ў сітуацыі агрэсіі з боку Расеі. На жаль, гэтага не адбылося. У гэтай сітуацыі мы мяркуем, што СНД самаўхілілася ад рэакцыі на агрэсію супраць прыязнай дзяржавы», - сказаў ён.

Са слоў прэс-сакратара ўкраінскага МЗС, Кіеў пакуль не прыняў пастанову аб выхадзе з Садружнасці. «Мы працягваем старшынстваваць у СНД», - заявіў ён. Аднак ігнараванне просьбы Украіны, адзначыў Перабійніс, «прымушае сур'ёзна задумацца аб эфектыўнасці гэтай арганізацыі».

На ўдакладняльнае пытанне, ці стаіць выхад з СНД на парадку дня, Перабійніс адказаў: «Мы разглядаем усе магчымыя варыянты».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках