8 траўня 2024, Серада, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі імпарт у Беларусь упаў на 40%

4
Украінскі імпарт у Беларусь упаў на 40%

У студзені 2014 года аб'ём імпарту ўкраінскіх тавараў у Беларусь скараціўся ў параўнанні са студзенем 2013-га на 38,5%.

Пра гэта сведчаць афіцыйныя дадзеныя беларускай статыстыкі, піша БелаПАН.

У студзені гэтага года ў Беларусь было пастаўлена ўкраінскіх тавараў на 94,5 млн. даляраў (у студзені 2013-га - на 153,7 млн.). Зніжэнне адбылося практычна па ўсіх асноўных таварных пазіцыях.

Варта адзначыць, што ўкраінскі імпарт у Беларусь у студзені 2014 года скараціўся і ў параўнанні са снежнем 2013-га - на 41,6%.

Беларускі экспарт ва Украіну за гэты перыяд знізіўся не гэтак істотна. Так, у студзені 2014 года Беларусь паставіла ва Украіну тавараў на 294,3 млн. даляраў (на 6,3% менш у параўнанні са студзенем 2013-га). У параўнанні са снежнем 2013-га беларускі экспарт ва Украіну ў студзені 2014-га знізіўся на 18,8%.

Украіна з'яўляецца адным з ключавых гандлёвых партнёраў Беларусі. У 2013 годзе тавараабарот дзвюх краін склаў 6,25 млрд. даляраў. Па велічыні тавараабароту Украіна заняла другое месца ў спісе амаль са 180 краін, з якімі гандлявала ў мінулым годзе Беларусь.

У гандлі з Украінай Беларусь мае ўстойлівае дадатнае сальда, якое з'яўляецца вынікам таго, што беларускі экспарт (у 2013 годзе ён склаў 4,2 млрд. даляраў) перавышае ўкраінскі імпарт (2,06 млрд. даляраў). Амаль 70% беларускага экспарту ва Украіну ў 2013 годзе прыйшлося на нафтапрадукты.

На фоне палітычнай нестабільнасці ва Украіне ў апошнія месяцы эканамічныя паказчыкі краіны працягваюць зніжацца. Так, аб'ём прамысловай вытворчасці ва Украіне ў студзені-лютым 2014 года, па дадзеных Дзяржстата, знізіўся на 4,2%. Аб'ём украінскага экспарту ў студзені 2014-га скараціўся на 12,3% у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года.

Новы ўкраінскі ўрад, які прыйшоў да ўлады ў лютым, паставіў задачу скараціць дэфіцыт бюджэту ўдвая (першапачаткова меркавалася, што дэфіцыт дзяржбюджэту складзе ў 2014 годзе 4,3% ВУП). Міністр фінансаў Украіны Аляксандр Шлапак у сакавіку заявіў: з-за рэалізацыі планаў па зніжэнні расходаў бюджэту ўнутраны попыт скароціцца, што адмоўна паўплывае на тэмпы эканамічнага росту ў краіне. "Ніякага эканамічнага росту, на вялікі жаль, у гэтым годзе мы не атрымаем", - сказаў кіраўнік Мінфіна.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках