3 снежня 2024, aўторак, 23:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Лукашэнка - марыянетка Крамля

38
Андрэй Саннікаў: Лукашэнка - марыянетка Крамля

Пуцін будзе выкарыстоўваць беларускага дыктатара ў сваіх інтарэсах.

На пытанні ZN.UA адказвае былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі, былы кандыдат у прэзідэнты, кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

- На Ваш погляд, якім чынам дзеянні Масквы ў дачыненні да Крыма адпавядаюць Будапешцкаму мемарандуму? Як павінны адрэагаваць краіны-падпісанты, якія гарантавалі бяспеку Украіне?

- У Крыме адбываецца ўзброенае ўварванне, за якім стаіць Крэмль. Гэта наўпрост парушае Будапешцкі мемарандум. Зрэшты, як і «вялікую дамову» паміж Украінай і Расеяй. Там наўпрост указана, што стораны «паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць адна адной і пацвярджаюць непарушнасць існых паміж імі межаў».

У сваіх патрабаваннях да міжнароднай супольнасці ў абароне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, Кіеў павінен стала спасылацца на Будапешцкі мемарандум і патрабаваць ад усіх яго ўдзельнікаў выканання абавязанняў. Тым больш што ў дачыненні да Украіны абавязанні нясуць усе сталыя чальцы РБ ААН: Францыя і Кітай зрабілі гэта ў аднабаковым парадку. Але галоўнае - трэба не дапусціць незаконнага рэферэндуму ў Крыме. Для гэтага трэба тэрмінова далучаць АБСЕ і Раду Еўропы.

- Падзеі ў Крыме нярэдка параўноўваюць з сітуацыяй вакол Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Лукашэнку, дарэчы, удалося ўстрымацца ад наўпроставай падтрымкі Расеі ў жнівеньскай расейска-грузінскай вайне. Але ці будзе ён трымаць нейтралітэт і падчас агрэсіўных дзеянняў Крамля ў Крыме?

- Сітуацыя ў Крыме сапраўды выбухованебяспечная. Але Крэмль павінен разумець (ці яму трэба даць зразумець), якая шкода будзе прычыненая расейскім інтарэсам ва ўсім свеце ў выпадку працягу агрэсіі. Масква відавочна тэстуе здольнасць Захаду рэагаваць на такія сітуацыі.

Што да пазіцыі Лукашэнкі да канфлікту ў Грузіі, то пара ўжо перастаць уважаць яго за нейкага ўдзельніка міжнародных стасункаў. Ён дыктатар, і абараняе свой рэжым. Ніякія іншыя меркаванні не маюць для яго значэння: ні нацыянальныя інтарэсы Беларусі, ні інтарэсы іншых дзяржаў. Непрызнанне Лукашэнкам двух расейскіх пратэктаратаў ў Грузіі не мае нічога агульнага з падтрымкай тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі. Калі б ён прызнаў незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, то ўмомант панізіў бы свой статус у стасунках з Крамлём, ператварыўшыся ў кіраўніка аднаго з рэгіёнаў.

У сітуацыі з Крымам ён будзе паводзіць сябе звыклым чынам: прасіць грошай за тую ці іншую пазіцыю. Таму не раю новай уладзе Украіны з ім таргавацца.

- Лукашэнка ў свой час негатыўна выказаўся пра Януковіча ды ўкраінскую ўладу. Але ў адрозненне ад Мядзведзева, які назваў гэтую ўладу анучай, сёння Лукашэнка маўчыць...

- Лукашэнка ў гэтым выпадку - марыянетка Крамля, і, ці менціць ён сваім языком ці не, не мае значэння. Крэмль усё яшчэ імкнецца гэтую «анучу» выкарыстоўваць для распальвання канфлікту, і Лукашэнка будзе тут на падпеўках, як у 2004 годзе, калі ён следам за Пуціным віншаваў Януковіча з перамогай.

І Пуцін, і Лукашэнка разумеюць: перамога Майдана ва Украіне прычынілася да сур'ёзнага ўдару па іх рэжымам, заснаваным на крадзяжы, карупцыі, рэпрэсіях і задушванні свабоды. Таму абараняць яны будуць не Януковіча, а свае рэжымы. Абараняць будуць агрэсіўна. Таму Украіне сёння вельмі патрэбная міжнародная салідарнасць і падтрымка. І не на ўзроўні заяваў.

- Што такое Майдан для беларусаў? Якія наступствы будзе мець для іх крах новай улады ва Украіне?

- Майдан - прыклад нашай агульнай барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў еўрапейскім рэгіёне былога СССР. Украінцы ў вачах беларусаў - сапраўдныя героі гэтай барацьбы. Мы імі захапляемся і разам з імі аплакваем нявінныя ахвяры.

Мы вельмі спадзяемся, што новая ўлада не здрадзіць нам, як гэта зрабіў прэзідэнт Юшчанка пасля «аранжавай рэвалюцыі». Тады сотні беларусаў таксама былі на Майдане, разам з украінцамі змагаліся за свабоду Украіны, як і сёння. Але Віктар Юшчанка і ўрад Цімашэнкі, прыйшоўшы да ўлады, тут жа сталі лабіяваць інтарэсы Лукашэнкі ў Еўропе і ЗША. Не інтарэсы беларускага народа, а інтарэсы дыктатара. Нездарма Лукашэнка дагэтуль называе яго лепшым сябрам.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках