Сотні беларускіх каталікоў адправіліся ў Рым
- 23.04.2014, 16:43
- 4,079
Беларускія каталікі здзяйсняюць паломніцтва ў Рым, дзе 27 красавіка пройдзе цырымонія кананізацыі Іаана Паўла II.
"Групы беларускіх паломнікаў ужо адправіліся ў Рым. Гэта некалькі сотняў вернікаў. Усе групы суправаджаюць святары", - паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у сераду ў прэс-службе Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Там таксама праінфармавалі, што "афіцыйную дэлегацыю, якая будзе прысутнічаць на дадзеным мерапрыемстве, узначаліць мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч - ён адправіцца ў Ватыкан 25 красавіка".
У прэс-службе праінфармавалі, што прамой трансляцыі з цырымоніі кананізацыі для Беларусі не будзе.
У сваю чаргу ў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё агенцтву распавялі, што "трансляцыя кананізацыі благаслаўлёных Іаана XXIII і Іаана Паўла II, якая пройдзе на плошчы св. Пятра 27 красавіка 2014 года, будзе адбывацца ва ўсіх кутках свету, дзякуючы сумеснай ініцыятыве Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра і шэрагу кампаній".
"Прамая трансляцыя з плошчы св. Пятра будзе ажыццяўляцца ў 500 кінатэатрах свету. У многіх з іх - у высокай якасці і 3D вымярэнні. Уваход на прагляд цырымоніі кананізацыі будзе бясплатны", - паведамілі суразмоўцы агенцтва.
Там удакладнілі, што "самая вялікая колькасць кінатэатраў, якія пажадалі ўзяць удзел у ініцыятыве, знаходзіцца ў Італіі і ЗША - больш за 100 кінатэатраў у кожнай з гэтых краін". "Таксама трансляцыі пройдуць у гарадах Аўстрыі, Бельгіі, Велікабрытаніі, Францыі, Ірландыі, Іспаніі, Аргенціны, Бразіліі, Чылі, Калумбіі, Мексікі, Уругвая і Лівана", - адзначылі ў рэдакцыі.
Паводле яе інфармацыі, "у краінах Усходняй Еўропы трансляцыя будзе арганізаваная ў кінатэатрах Польшчы, Чэхіі, Харватыі і Босніі і Герцагавіны".